У першы клас з падарункамі. Мнагадзетныя сем’і ў Ляхавіцкім раёне атрымліваюць дапамогу да навучальнага года

Мнагадзетная маці Юлія Андрусевіч не хавае радасці:
– Патэлефанавалі са школы і паведамілі пра матэрыяльную дапамогу ад райвыканкама. Клопат такі вельмі прыемны і своечасовы. Грошы патрацім на пакупку канцылярскіх прылад да навучальнага года – на чатырох дзяцей трэба нямала. Сшыткі, ручкі і іншыя неабходнасці заўсёды набываем загадзя.
Такія званкі і запрашэнні атрымалі тыя сем’і нашага раёна, дзе выхоўваецца трое і больш дзяцей школьнага ўзросту. Па рашэнні райвыканкама з мясцовага бюджэту выдзелена аднаразовая матэрыяльная дапамога на падрыхтоўку да навучальнага года 728 школьнікаў. На кожнага з іх сям’я атрымае 35 рублёў, а ўвогуле бюджэтная падтрымка на гэтыя мэты складзе 25480 рублёў.
…У сям’і ляхавічан Юліі і Аляксандра Андрусевічаў тры дачкі і два сыны. Старэйшая Іра перайшла ў дзявяты клас, Віка – у восьмы. Мінулым летам збіралі ў першы клас Дзіму, сёлета – Сашку. Дружная сям’я, у якой прынята падтрымліваць адзін аднаго, рабіць усё разам, цаніць дапамогу. У тым ліку – дзяржаўную. А яна сапраўды адчувальная. Дзякуючы нараджэнню Марынкі, у сям’і Андрусевічаў маецца рахунак у банку – скарысталіся яшчэ адным відам дзяржаўнай дапамогі і аформілі дакументы на сямейны капітал.
Наогул, мнагадзетным сем’ям у нашай краіне – павага і пашана, а яшчэ адчувальная падтрымка пры нараджэнні дзіцяці, па яго доглядзе, адрасная сацыяльная дапамога, бясплатнае харчаванне ў школе, 50-працэнтная скідка на школьныя падручнікі, заканадаўча ўстаноўлены  працоўныя, падатковыя, жыллёвыя  і іншыя льготы.
Дарэчы, на многіх прадпрыемствах і ў арганізацыях нашага раёна склаліся цудоўныя традыцыі прама ці ўскосна ўдзельнічаць у падрыхтоўцы дзяцей да школы. Так, у раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК штогод далучаюцца да рэспубліканскай акцыі «Дзеці ідуць у школу» і аказваюць дапамогу мнагадзетным і малазабяспечаным сем’ям.
Прафкам ЖКГ таксама не застаецца ў баку ад свята 1 верасня і заўсёды рыхтуе падарункі першакласнікам. Выдзяляе сродкі для дзяцей школьнага ўзросту льнозаводскі прафсаюз, выплачваецца дапамога ў СВК «Ляхавіцкі», лясгасе і іншых прадпрыемствах і арганізацыях.
Пэўна, спіс гэты яшчэ павялічыцца, каб верасень у хлопчыкаў і дзяўчынак пачаўся прыгожа і радасна.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Выкарыстана ілюстрацыя

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *