«Чайка» – летнік мары. Як адпачываецца ў фармаце 5D
Назва лагера – «Чайка» – нібы кодавае слова, вядомае кожнаму юнаму ляхавічаніну. Як сінонім класнага запамінальнага адпачынку. Пагадзіцеся, атрымаць пуцёўку ў аздараўленчы лагер – летняя мара кожнага гарэзы. Тут свае законы, правілы, традыцыі і парадкі, свае сакрэты краіны шчаслівага дзяцінства.
Чарговая трэцяя змена праляцела. 18 дзён – як адно імгненне, сцвярджаюць чайкаўцы. А як па-іншаму, калі кожны дзень распісаны літаральна па хвілінках. «Сумаваць» – гэтага пункціка проста не можа быць у іх дзённым раскладзе. Тым больш, калі фармат змены прапануе не проста адпачыць, а стварыць летнік мары. «Гісторыя аднаго лета ў фармаце 5D, ці Доброе Дело День за Днём Делай!» – галоўная тэматычная ідэя змены.
– «Чайка» – самае папулярнае месца адпачынку ў нашым раёне, і, самае галоўнае, – тут усе умовы, каб зрабіць адпачынак якасным. Але гэта магчыма, калі дзеці праявяць ініцыятыву і падкажуць, як жа зрабіць лепш. Так нарадзілася ідэя для праекта лагернай змены. Дзеці самі «будуюць» летнік, у якім ім хацелася б адпачываць, ствараюць свае праекты. І выдаюць геніяльныя ідэі! Што надзвычай важна – з любоўю да сваёй малой радзімы, – расказвае старэйшы выхавальнік Юрый Дземід.
У пачатку змены атрады, дакладней, творчыя групы (так яны называюцца па задумцы) атрымалі карту-схему «Чайкі», дзе былі адзначаны толькі адміністрацыйныя будынкі. Цяпер жа на іх красуюцца спарткомплексы, басейны, гульнявыя пляцоўкі, эскалатары, што дастаўляюць рабят з корпуса ў корпус, і шмат іншых задумак чайкаўцаў. Пабудаваць задуманыя аб’екты не так проста. Толькі калі творчая група мае пэўную колькасць будаўнічага матэрыялу – цаглінак. Іх можна зарабіць сваёй актыўнасцю ў лагерных справах: за ўборку карпусоў і тэрыторыі, дзяжурства, удзел у шматлікіх святах, конкурсах, спартыўных спаборніцтвах.
Знаёміліся з «Чайкай» праз «Экалагічную кругасветку»: многія прыехалі ў летнік упершыню, а не навічкі з задавальненнем дапамаглі з экскурсіяй. З захапленнем святкавалі Купалле: па традыцыі распалілі вогнішча, плялі вянкі і выбіралі лепшы, кідалі іх у раку і спрабавалі даведацца лёс, а яшчэ шукалі папараць-кветку, спявалі абрадавыя песні. Стваралі відэакліпы на знакамітыя песні і прадстаўлялі іх у конкурсе «Сам сабе рэжысёр» (дарэчы, лепшай стала каманда шостай творчай групы «Non Stop»). Удзельнічалі ў спартландыі на веданне малой радзімы: за кожную перамогу атрымлівалі літары, пасля склалі з іх назвы вёсак нашага раёна.
Запомнілася чайкаўцам кінапрэм’ера дзіцячага мультфільма «Монстры на канікулах» у фармаце 3d ў баранавіцкім кінатэатры «Звязда».
І, канешне, пятніца 13-га, ды яшчэ і ў лагеры – пра гэта, пагадзіцеся, марылі ўсе ў дзяцінстве. Кожная творчая група ў «Дзень палтаргейста» прадставіла свой пакой страху, а ўвечары адбыўся «Бенефіс Бабы-Ягі», дзяўчынкі ўжываліся ў ролю самага яскравага персанажу з казак. Лепш атрымалася ў Марыі Страмавус – яе талент, уменне трымацца на сцэне, майстэрства пераўвасаблення пакарылі суддзяў.
Бацькам хвалявацца ўвогуле не трэба: адпачынак тут, адным словам, класны, тое ж можна сказаць і ў адносінах да смачных сняданкаў, абедаў і вячэр. Энергіі хлопчыкі і дзяўчынкі затрачваюць многа, таму і падсілкавацца трэба адпаведна.
А сёння ў чайкаўцаў – чамаданны настрой. У суботу закрыццё, апошняя на гэтай змене дыскатэка, развітальныя словы і пажаданні, а яшчэ шмат уражанняў, добрых успамінаў і, канешне, столькі знаёмстваў. І ўсё гэта адным словам – «Чайка».
Дарэчы, на трэцяй змене ў «Чайцы» сёлета адпачывае 100 хлопчыкаў і дзяўчынак. А дапамагаюць ім зрабіць ліпеньскія 18 дзён па-сапраўднаму яркімі, запамінальнымі, карыснымі для здароўя
16 нераўнадушных педагогаў. Важатая другога атрада Марыя Рачкоўская сваіх гаманлівых падапечных у хвіліны зацікавіць, заінтрыгуе, без праблем справіцца з камандай непасед. І хоць у гэтай якасці тут упершыню, але «Чайку» ведае добра – школьніцай не аднойчы тут адпачывала. Яна ўпэўнена, з дзецьмі трэба быць на адной хвалі: слухаць іх – а яны ў адказ будуць не проста бязмежна паважаць, а любіць старэйшых сяброў-важатых.
Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.