Справа майстра знайшла
Сёння дзяржава дае шырокія магчымасці для развіцця малога бізнесу. Ён, у сваю чаргу, стварае новыя працоўныя месцы
У Ляхавіцкім раёне сёлета павінна з’явіцца 80 новых працоўных месцаў. Як паведаміла намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ірына Пабягайла, згодна аператыўнай інфармацыі за першае паўгоддзе 35 жыхароў раёна працаўладкаваліся ўжо менавіта на такія месцы.
17 новых працоўных месцаў створана на малых прыватных прадпрыемствах. Пяць – на ТАА «ГандальАльазіз» (продаж тавараў з Азіі), па чатыры – ПП «МішкевічГандаль» (гандаль у сельскай мясцовасці) і ТАА «Альтэрнатыўлес» (вырабы з драўніны), тры – ТАА «Акусцікмаш» (вытворчасць уцяпляльнікаў для салонаў аўтамабіляў), адно – ТАА «МетЛіт-Экспарт» (аказанне паслуг па суправаджэнні экспарту і імпарту тавараў у Кітай і з Кітая).
Не засталіся ў баку ад выканання даведзенага раёну задання па працаўладкаванні грамадзян і іншыя прадпрыемствы і арганізацыі. 12 новых працоўных месцаў прапанавала ЗТАА «БелДан» (два з іх –высокапрадукцыйныя), чатыры – малочны завод, па адным – ААТ «Жарабковічы» і льнозавод.
Дэкрэт «Аб развіцці прадпрымальніцтва» ў тым ліку адкрыў шырокія магчымасці для грамадзян, якія пажадалі займацца бізнесам без рэгістрацыі ІП. Афармляецца ўсё па заяўным прынцыпе. Заплаціўшы адзіны падатак, можна спакойна працаваць.
Намеснік начальніка інспекцыі МПЗ па Баранавіцкім раёне – начальнік упраўлення па рабоце з плацельшчыкамі па Ляхавіцкім раёне Валянціна Варанчак расказала, што сёлета за першае паўгоддзе 52 жыхары нашага раёна заняліся прадпрымальніцкай справай без неабходнасці рэгістрацыі. Віды дзейнасці самыя разнастайныя. Напрыклад, 15 чалавек аказваюць паслугі па вырошчванні сельскагаспадарчай прадукцыі (дапамагаюць грамадзянам апрацоўваць прысядзібныя ўчасткі), 17 займаюцца рознічным продажам, у тым ліку рэалізацыяй кветак, восем арганізавалі сваю справу ў сферы прыгажосці: цырульнікі, майстры па манікюры і педыкюры. Яшчэ пяцёра афіцыйна аформілі рэпетытарства.
Аграэкатурызм – таксама неабсяжная прастора для дзейнасці актыўных, ініцыятыўных, прадпрымальных. Наш раён багаты на культурныя, гістарычныя мясціны, прыгожыя краявіды. Ляхавіччына – малая радзіма паэтаў і пісьменнікаў, музыкантаў, сусветна вядомага рэжысёра, спартсменаў. Але, на жаль, у нас пакуль даволі сціплая прапанова распрацаваных турыстычных маршрутаў, недастаткова развітая турыстычная інфраструктура, не надта многа аграсядзіб. А між тым, развіццё гэтага накірунку – таксама магчымасць стварэння новых працоўных месцаў.
Галіна КАНЬКО.
У ТЭМУ
З 1 студзеня гэтага года ўступіў у дзеянне Указ № 345 «Аб развіцці гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання». Ім прадугледжаны падатковыя прэферэнцыі для тых, хто развівае прадпрымальніцтва ў сельскай мясцовасці.