Нюансы другой касавіцы
Спякотнае, без дажджоў надвор’е перашкодзіла падняцца атаве ў красавіку-маі, чым не ў лепшы бок пад-карэкціравала вынікі першага ўкосу траў. Другая касавіца – шанц для сельгаспрадпрыемстваў папоўніць кармавыя запасы.
Хаця і тут ёсць пэўныя асаблівасці. Нарыхтоўка кармоў з другога ўкосу траў праходзіць адначасова са жнівом, іншы раз на кормаўборачных і збожжаўборачных камбайнах працуюць адны і тыя ж механізатары. Але гэта не павінна адбівацца на якасці работ: ні жніўных, ні корманарыхтоўчых.
Што маем у кармавых запасніках? Па інфармацыі галоўнага спецыяліста райсельгасхарчу Ігара Яварчука, з запланаваных 27 цэнтнераў (з улікам кукурузы) на адну ўмоўную галаву жывёлы пасля першага ўкосу мелася 5,3 цэнтнера. Сёння – амаль 8 цэнтнераў. Пакуль па гэтым паказчыку ў лідарах «Ліпнянка» – 18,84 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву. У «Начы» – 12,75 цэнтнера. Куды горш ідуць справы ў «Тальмінавічах», райаграсэрвісе і агракаледжы.
Уборка траў другім укосам вядзецца ва ўсіх сельгасарганізацыях раёна. З-за дажджоў тэмпы не максімальныя, аднак, большая частка запланаваных пад другі ўкос 6600 гектараў ужо ўбрана: па стане на 30 ліпеня скошана 59 працэнтаў траў. Найбольшыя плошчы пад будучыя кармавыя адзінкі адведзены ў «Шляху новым» – 1400 гектараў, «Жарабковічах» – 1000 гектараў, «Ліпнянцы» і райаграсэрвісе – па 800 гектараў. І калі апошнія тры гаспадаркі з задачай амаль што справіліся, то «Шлях новы» пакуль скасіў толькі чвэрць ад запланаванага.
Такія сельгаспрадпрыемствы як «Жарабковічы», «Ляхавіцкі», «Шлях новы», райаграсэрвіс, што займаюцца вырошчваннем люцэрны і канюшыны, выйдуць яшчэ і на трэцюю касавіцу. А там надыдзе пара нарыхтоўкі кукурузы, у тым ліку і на кармы. Вялікі патэнцыял для кормавытворчасці – пажніўныя культуры. Як нагадалі ў райсельгасхарчы, цяпер самы час іх сеяць.
Галіна КАНЬКО.