Сонечная ўсмешка. Партрэтная галерэя жніва ў Ляхавіцкім раёне

ПРАЦЯГ. Пачатак тут

Без жаночых рук на жніве аніяк. І гэта не перабольшанне. Менавіта яны па традыцыі сярпом зжынаюць першы сноп новага ўраджаю. Святочна, урачыста, з вялікім хваляваннем, любоўю і пашанай да хлеба. Так было і сёлета на зажынках пад абрадавыя песні і традыцыйныя замовы.
Іх не так многа ў хлебаробскім атрадзе, дзе пераважна мужчынскае прадстаўніцтва. Але, тым не менш, жаночы ўдзел ва ўборачнай красамоўна пацвярджае: нашы зямлячкі яшчэ тыя руплівіцы і ўмеліцы. Колькі жніўных сезонаў сачылі за працай юнай Марты Граблюк з СВК «Ляхавіцкі», а сёлета вось уразіла Ангеліна Яфімчык з ААТ «Шлях новы»: быць камбайнерам, няхай і не старшым, вельмі няпроста, адказна і цяжка. Атрымліваецца!
А хтосьці з зямлячак у гэты гарачы ва ўсіх сэнсах час працуе на зернетаку, брыгадзірствуе, кіруе цэлай гаспадаркай і, значыць, персанальна адказвае за тое, каб кожнае зярнятка было ўбрана і даведзена да ладу. Іншыя ж гатуюць для ўдзельнікаў жніва абеды з дастаўкай у поле ці спяваюць для іх песні ў час кароценькіх перапынкаў. Без перабольшання, усе яны – саўдзельніцы вялікага дзейства, якое называецца жнівом.

Што такое ненарміраваны рабочы дзень, яна ведае не па чутках, тым больш, калі гаворка пра жніво. Дырэктар ДП «Востраў-Агра» Тамара Церах – птушка ранняя, у шэсць гадзін не проста на нагах, а ўжо на рабоце і, калі трэба, да позняга вечара. Уборачная дыктуе свой расклад, і Тамара Фёдараўна падпарадкоўваецца.
Ашчаднасці, дысцыпліны, свядомасці    патрабуе яна ад усіх удзельнікаў жніва. І гэта без варыянтаў.

Для Святланы Радомскай у якасці брыгадзіра паляводчай брыгады «Русінавічы» СВК «Ляхавіцкі» гэтае жніво першае, хаця на справе яна вопытны і кампетэнтны аграрый. Пшаніцу, ячмень, рапс вырошчвалі на плошчы 280 гектараў. Каля двух тыдняў, за якія завяршылася жніво на брыгадных палетках, Святлана днявала-начавала там, дзе гулі камбайны. Адна справа – вырасціць хлеб, не менш важная – не дапусціць страт пры ўборцы і транспарціроўцы. За гэта ў адказе ў тым ліку і брыгадзір, тым больш, брыгадзір – жанчына.

Здаецца, рукам жанчыны прывычней трымаць кветкі. І рабочая зернесушыльнага комплексу «Белпрампрыбора» Жанна Дзянішчык спрачацца наконт   гэтага не будзе. Але ёсць слова «трэба», таму ў жніўных клопатах жанчына спрытна завіхаецца з лапатай. Не ўзважыць, колькі цэнтнераў зерня яна за рабочы дзень «патрымае» ў сваіх руках. Гэта вам не букет руж… Адназначна, што ноша даволі цяжкая, але … «трэба».

Сонечнай усмешкай суправаджае і Анастасія Сельмановіч свой хлебаробскі саўдзел. Яна повар «белпрам-прыбораўскай» сталоўкі, гатуе абеды і падвячоркі для хлебаробаў – па 26 порцый штодня. Меню прадуманае, стравы смачныя, усё ў тэрмін – такі вось сезонны рэстаран. Дзяўчына па спецыяльнасці, якую атрымала ў прафтэхліцэі, працуе першы год, так што ўборачная для яе – своеасаблівы экзамен. І здае яна яго выдатна, з заўсёдным пажаданнем хлебаробам прыемнага апетыту.

Вольга БАРАДЗІНА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *