Слова на вагу коласа
Рупліўцы залатой нівы, майстры жніва, героі хлебаробскай справы… Гэта яны – камбайнеры і вадзіцелі, работнікі зернетакоў і спецыялісты, кіраўнікі сельгасарганізацый, хто ў адказе за паўнату хлебных засекаў дзяржавы. Пра свае жніўныя будні яны гавораць нешматслоўна, але пераканаўча.
Мікалай ТАРЛЮК, дырэктар ДП «Нача»:
– Здаецца, зусім нядаўна пачалі адлік жніўных дзён, а наша прадпрыемства ўжо адзначыла дажынкі. Праўда, спадзяванні на сёлетні ўраджай былі куды больш аптымістычныя. Шкада, надвор’е ўмяшалася. Падлічыў: 73 дні без дажджу – якія культуры гэта вытрымаюць? Таму і ўраджайнасць ніжэй леташняй – 31,8 цэнтнера з гектара. Хаця ўвогуле паказчык не самы дрэнны.
Лічу, што ўтрымацца на плаву дапамагло выкананне тэхналогіі і своечасовая падкормка арганікай азімай пшаніцы. Ды і тэхніку падрыхтавалі добра, прастояў і паломак не было, як і праблем з палівам. Увогуле, каб «перайграць» надвор’е, будзем павялічваць плошчы пад азімыя, якія лепш вытрымліваюць засуху. Гэта – у планах.
Дзякуй усім, хто працаваў на жніве, асабліва – камбайнерам, у «Начы» выходзілі на ўборку 4 экіпажы, у тым ліку – сямейны і маладзёжны.
Юрый ТАРАБЕШ, вадзіцель ААТ «Шлях новы»:
– Гэта жніво для мяне – 26-е. І ўсё роўна хваляваўся як першы раз. Я не аграном, але бачыў, намалоты ў гэтым годзе будуць бяднейшыя, таму асабліва важна ашчадна перавезці ўсё, што перасыпана з бункера камбайна ў кузаў майго МАЗа. Стараўся падрыхтаваць аўтамабіль так, каб абысціся без паломак і вымушаных прастояў. Было вельмі прыемна, калі кіраўніцтва гаспадаркі, прафсаюз і наша навасёлкаўская «Вечарніца» прыехалі віншаваць з першай перавезенай тысячай тон збожжа.
Дома і жонка Наталля, і старэйшы сын Мікалай (малодшы Уладзімір служыць у арміі) разумеюць усю важнасць жніва, уважліва сочаць у раёнцы за жніўнымі навінамі. Ад іх і даведаўся, што я сярод лідараў на адвозцы зерня. Гэта, канешне, цудоўна, але не галоўнае. На першым плане – завяршыць уборку, пакуль стаіць спрыяльнае надвор’е.
Артур ГУТЫРЧЫК, старшы камбайнер ЗТАА «БелДан»:
– Марыў паўтарыць свой пазалеташні вынік, калі пераможцам спаборніцтва на жніве падымаўся на сцэну абласных «Дажынак». На жаль, сёлета вынік больш сціплы. Своечасова пасеялі, і падкормлівалі, тэхніка на прадпрыемстве выдатная – камфортная, энерганасычаная, умовы працы – лепш не трэба, кадры таксама падрыхтаваныя, вопытныя дапамагаюць маладым. Перашкодзіла засуха. Сёлетняе жніво – восьмае ў маёй камбайнерскай біяграфіі і пятае – на «БелДане», спадзяюся не апошняе. Таму рэванш у надвор’я яшчэ абавязкова вазьму.
Вадзім ГРАБЛЮК, камбайнер СВК «Ляхавіцкі»:
– Раней па-добраму зайздросціў сваёй старэйшай сястры Марце: дзяўчына кіруе магутным «ДжонДзірам», працуе разам з бацькам. Марыў, што калісьці і я так змагу. Люблю тэхніку, таму і паступіў у Жыровіцкі аграрна-тэхнічны каледж. У чэрвені атрымаў вадзіцельскія правы, а ў ліпені спраўдзілася мая даўняя мара: я камбайнер. У першы дзень у полі было страшнавата, але бацька падбадзёрваў. І Марта падзялілася некаторымі сакрэцікамі – так што ўсё атрымалася.
Спачатку мы жалі рапс, потым пераехалі на трыцікале. Мае абавязкі – не толькі падмяняць старшага камбайнера за штурвалам, але і сачыць за тым, як ідзе жніво, а ў тых месцах, куды не даходзіць тэхніка, уручную ўбіраць каласы – гэта асабліва працаёмкая частка.
Для мяне жніво ўжо завершана. Бацька сказаў, што я справіўся. У наступным годзе закончу каледж і хачу атрымаць вышэйшую адукацыю – буду паступаць ва ўніверсітэт. Але летам абавязкова папрашуся напарнікам у сямейны камбайнерскі экіпаж.