Навасёлкаўскі фэст

7 ліпеня — для жыхароў аграгарадка Навасёлкі і навакольных вёсак дзень асаблівы. Менавіта 7 ліпеня 1944 года вёска была вызвалена ад гітлераўскіх акупантаў. А яшчэ ў гэты дзень праваслаўныя вернікі адзначаюць  Нараджэнне Іаана Прадцечы, у гонар якога пабудаваны мясцовы храм. Таму традыцыйна ў гэты дзень Навасёлкі адзначаюць свята вёскі.

Сёлета, як заўсёды, яно пачалося са святочнага богаслужэння ў храме Іаана Прадцечы,  ускладання вянкоў і кветак да  помнікаў воінам, якія загінулі пры вызваленні вёскі ад фашысцкіх захопнікаў, і землякам, якія не прыйшлі з вайны.

Потым  жыхары аграгарадка спяшаліся да мясцовага аздараўленчага комплексу, дзе на сцэнічнай пляцоўцы пад адкрытым небам распачаліся ўрачыстасці-віншаванні. Галоўныя дзеючыя асобы — вяскоўцы.  Навасёлкаўцы не толькі руплівыя працаўнікі, яны таксама з энтузіязмам, натхненнем і энергіяй умеюць  святкаваць і адпачываць. «Традыцыйнае свята вёскі для многіх — самае доўгачаканае і запамінальнае, таму рыхтуюцца да яго загадзя і з задавальненнем прымаюць удзел у разнастайных конкурсах і творчых аглядах», — раскрывае сакрэты папулярнасці  свята дырэктар Навасёлкаўскага СДК Наталля Пражога. І, да гонару мясцовых культработнікаў, яны з году ў год імкнуцца арганізаваць ура-чыстасці такім чынам, каб адрозніваліся ад папярэдніх, запомніліся аднавяскоўцам, спадабаліся людзям розных узростаў.  Шмат цікавага было і сёлета.

Патрыятычна-запамінальны пачатак святу забяспечыла харэаграфічная кампазіцыя «Мой родны кут». Навасёлкаўцаў  са святам вітаў старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый Бурдук і пажадаў прысутным здароўя, бадзёрасці,   новых працоўных дасягненняў. Ад усіх  вяскоўцаў Дзмітрыю Бурдуку быў уручаны каравай, спечаны мясцовай майстрыхай  Марыяй Буцько. Дарэчы, Марыя Максімаўна прадставіла на суд аднавяскоўцаў цэлую выставу сваіх непаўторных работ — вышываных і і тканых.

Пра гісторыю роднай вёскі, яе жыхароў расказваў былы старшыня Навасёлкаўскага сельвыканкама і гісторык Аляксей Зубік.  Шмат цёплых слоў  з павагай гаварыў пра вяскоўцаў цяперашні старшыня сельвыканкама Аляксандр Буйкевіч. Апладысментамі сустракалі навасёлкаўцы старшыню СВК «Шлях новы» Аляксандра Вашчука.  Хоць Аляксандр Мікалаевіч — чалавек адносна новы ў тутэйшых мясцінах, але ён настолькі палюбіў гэту гасцінную зямлю з яе працавітымі і шчырымі людзьмі, што хутка стаў сваім. І клапоціцца не толькі пра тых, хто зараз працуе ў гаспадарцы, але і пра ветэранаў працы. Не забываюць ў СВК і пра сваіх падшэфных — школу і дзіцячыя сады. Ды і свята вёскі не было б такім удалым  і багатым, каб не фінансавая падтрымка СВК. Ад душы дзякаваў Аляксандр Вашчук вяскоўцам за працу і разуменне. Са сцэны гучалі прозвішчы лепшых працаўнікоў.

Успомнілі на свяце старэйшых жыхарак Пранчакоў і Навасёлак 93- і 92 -гадовых Вольгу Царык і Алену Цвірко. З падарункам адправіўся дамоў разам з  бацькамі самы юны аграгараджанін  Кірыл Малевіч, якому няма яшчэ і 2 месяцаў.

Шампанскае, традыцыйнае «горка», вальс Мендэльсона — неад’емныя атрыбуты вяселля.  Апладысментамі віталі залатых юбіляраў — сям’ю Веры і Віктара Кісценяў, сярэбраных — Алену і Анатолія Дзядовічаў,  Наталлю і Ігара Камінскіх, Таццяну і Віктара Саракавікоў, а таксама маладажонаў — Святлану і Аляксандра Майсюкоў.  І маладая пара, і сем’і са стажам прайшлі  праз сімвалічныя вароты шчасця. Ушаноўвалі таксама і 8 мнагадзетных сем’яў.

Якой толькі смакаты не прыгатавалі ўдзельніцы конкурсу «Навасёлкаўскія прысмакі» — маладыя гаспадыні Наталля Галавін і Таццяна Макоўская. Іх кулінарныя шэдэўры з задавальненнем каштавалі госці свята.

Не магла не захапіць і выстава народных умельцаў: вышыванымі карцінамі і іконамі  здзівіла землякоў майстрыха Ніна Дзянішчык. Ад шматграннасці талентаў маладой майстрыхі Наталлі Тарабеш былі ў захапленні ўсе: вышывае, робіць упрыгожванні з бісеру, займаецца саломапляценнем.

Больш за 40 двароў агледзела строгая камісія, вызначаючы самых руплівых  гаспадароў уласных сядзіб. У выніку лепшымі прызнаны двары Наталлі і Сяргея Пражогаў, Таццяны і Івана Пішчоў, Чаславы і Аркадзія Маеўскіх. Яшчэ 10 сем’яў сталі лаўрэатамі конкурсу.

Як заўсёды, папулярнасцю на свяце карысталася бяспройгрышная латарэя. А галоўны прыз — жарабя — выйграла даярка СВК Вольга Прыхач.

А якое ж свята без гульняў, конкурсаў, атракцыёнаў. Незабыўныя ўражанні застануцца ў вяскоўцаў ад паказальных выступленняў супрацоўнікаў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.  Парадавалі навасёлкаўцаў канцэртнай праграмай суседзі — удзельнікі мастацкай самадзейнасці Дараўскага СДК.  І гэта свята ў Навасёлках не абышлося без вясёлага і галасістага ансамбля  народнай песні «Вечарніца».

А яшчэ ў такую спякоту ўсе жадаючыя маглі частавацца квасам, прычым бясплатна. Акрамя СВК «Шлях новы», спонсарскую дапамогу ў падрыхтоўцы свята вёскі аказала і індывідуальны прадпрымальнік  Лілія Кумейша.

Галіна КАНЬКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *