Летапіс Русінавіч пішуць вяскоўцы

У Русінавіцкі СДК спяшаліся вяскоўцы розных узростаў на свята аграгарадка.  Адкрыў урачыстасці старшыня Начаўскага сельскага Савета дэпутатаў  Вячаслаў  Новік. І пачалося прадстаўленне,  удзельнікамі і гледачамі якога былі вяскоўцы.

«Я вельмі багатая, бо  маю 5 дзяцей, 11 унукаў і 16 праўнукаў, а 17-ы вось-вось павінен нарадзіцца», — з гонарам расказала старэйшая жыхарка Русінавіч Сцефаніда Калбаса. Успомнілі аднавяскоўцы і ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Казіміра Гаўдзіса, які па стане здароўя не змог прысутнічаць на мерапрыемстве. Двойчы  апладысментамі сустракалі Віктара Высоцкага: як ветэрана-афганца і разам з жонкай Галінай — як сямейную пару, якая ў ладзе і згодзе пражыла 25 гадоў і адзначыла сярэбранае вяселле.  Ушаноўвалі і маму 4 дзяцей Аксану Судакову.

З задавальненнем адзначалі вяскоўцы наколькі пабагацеў іх аграгарадок. Ёсць фельчарска-акушэрскі пункт, які ўзначальвае Таццяна Шалік. Тут па графіку вядуць прыём урачы Ляхавіцкай райбальніцы. Працуюць гандлёвы цэнтр (загадчыца Ірына Шэпет), сталовая. З любой  праблемай у сферы бытавога абслугоўвання аграгараджане і жыхары суседніх вёсак могуць звярнуцца ў комплексна-прыёмны пункт, работай якога кіруе Галіна Пішч, ёсць аддзяленне сувязі, філіял ашчаднага банка. Садок, як казачны церамок, — яго наведваюць 36 дашкалят.

Пра малых клапоцяцца выхавальнікі і іх памочнікі на чале з загадчыцай Тамарай Гаўдзіс.  Хутка ў садку будзе папаўненне: прыйдуць самыя маленькія жыхары Мікіта Макавецкі, Паліна Баўтрукевіч і Максім Шпак. А мясцовая пачатковая школа па прыгажосці  і ўтульнасці не саступае гарадскім. Разумнаму, добраму, вечнаму 23 хлопчыкаў і дзяўчынак вучаць педагогі-прафесіяналы пад кіраўніцтвам Заслужанай настаўніцы БССР Леаніды Рачкоўскай. Сапраўдны астравок культуры — мясцовы СДК (дырэктар Людміла Сідорская). Не толькі ў святы спяшаюцца сюды  моладзь і сталыя людзі для таго, каб адпачыць,  заняцца любімай справай у разнастайных гуртках мастацкай самадзейнасці.

У адным будынку з СДК размешчана і  бібліятэка (узначальвае  Іна Калядзіч), кніжны фонд якой складае 14 тысяч экземпляраў, у чытальную залу па падпісцы дастаўляюцца 46 найменняў перыядычных выданняў. Усім гэтым багаццем друкаванага слова з задавальненнем карыстаюцца 450 пастаянных чытачоў.  На свяце віталі самых актыўных удзельніц мастацкай самадзейнасці  Станіславу Дубешка і аматарку чытання Лідзію Толкач.

Словы асаблівай падзякі і пашаны былі сказаны ў адрас нястомных, руплівых працаўнікоў славутага СВК «Ляхавіцкі» і яго нязменнага на працягу больш як 30 гадоў  старшыні Заслужанага работніка сельскай гаспадаркі, кавалера ордэнаў «Знак Пашаны» і Кастрычніцкай Рэвалюцыі Аляксандра Вітко.

Дарэчы, і свята гэтае адбылося дзякуючы спонсарству СВК «Ляхавіцкі». Нямала ў Русінавічах таленавітых людзей.  Нельга было не захапляцца выставай работ. Чаго тут толькі не было: ручнікі вышываныя і тканыя,  дываны, абрусы.  Аўтары гэтай прыгажосці Ганна Казлова, Марыя Захарчэня, Вольга Калбаса, і іншыя мясцовыя майстрыхі. На свяце было многа чаго цікавага, таму прайшло яно, як кажуць, на адным дыханні.

Гісторыя аграгарадка Русінавічы працягваецца. Яе дапішуць тыя, каму тут жыць і працаваць далей.

Марыя МАЗУРА,
жыхарка аграгарадка Русінавічы

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *