“Ляхавічы і ваколіцы”
На суд журы і гледачоў былі прадстаўлены відэафільм пра Падлессе, канцэрт удзельнікаў мастацкай самадзейнасці, адбылася таксама прэзентацыя кнігі «Ляхавічы і ваколіцы». Інтарэс выклікалі выставы падлескіх ручнікоў — «Повязь часоў — беларускі ручнік», вырабаў юных удзельнікаў гуртка выяўленчага мастацтва, выставы кніг «Я тут, пад гэтым небам нарадзіўся», «Ведай нашых!», «Ляхавічы і ваколіцы».
Мерапрыемства атрымалася надзвычай цікавым і пазнавальным. Увогуле, і адпачыць было добра, і ўспомніць засталося што. Відэафільм нагадаў гісторыю Падлесся, пачынаючы з 60-х гадоў мінулага стагоддзя да сённяшніх дзён. Тут і расказ пра вядомую падлескую майстрыху Соф’ю Махнач, дом якой, без перабольшвання, уяўляе сабой музей. Вышываныя ручнікі, сурвэткі, абрусы, падушкі, нават дываны радуюць вока сваёй унікальнасцю і непаўторнасцю.
У фільме можна было ўбачыць Падлескі народны хор цяперашні і сорак гадоў таму. Пасля капітальнага рамонту святочна выглядаюць СДК, бібліятэка, школа і ўрачэбная амбулаторыя. Кадры суправаджаліся песнямі Юрыя Усакоўскага, які жыве і працуе ў Баранавіцкім раёне.
У вершаванай форме гучалі радкі аб Ляхавіцкай зямлі. Вялікую цікавасць выклікала кніга «Ляхавічы і ваколіцы», выпушчаная ТАА «Рэкламна-інфармацыйнае агенцтва «Вячэрні Брэст». Дарэчы, аўтарамі тэксту і пераважнай большасці фотаілюстрацый з’яўляюцца журналісты «Ляхавіцкага весніка».
Шмат інфармацыі пра родныя мясціны змешчана ў выставах. Гэта звесткі пра хор, гісторыю мясцовай гаспадаркі, фотаздымкі знакамітых людзей з Падлесся, што друкаваліся на старонках ляхавіцкай раёнкі. Конкурсу дадзены добры старт!
Вольга ПЛЯШЭВІЧ,
дырэктар Ляхавіцкай РЦБС