Шукаем сапраўдных міліцыянераў!
Кадры вырашаюць усё — вядомае выслоўе аднолькава дакладна адлюстроўвае сітуацыю ў самых розных галінах,прафесіях, арганізацыях. У тым ліку — і ў міліцыі. Тутэйшыя супрацоўнікі выконваюць надзвычай важныя задачы, і ад асабістых якасцяў кожнага без перабольшвання залежыць вынік агульнай работы праваахоўных органаў.
Улічваючы, што работа ў міліцыі напружаная, часта спалучаецца з рызыкай для ўласнага здароўя і жыцця, дзяржава дае супрацоўнікам органаў унутраных спраў пэўныя сацыяльныя гарантыі і льготы. Сярод іх — пенсійны ўзрост 45 гадоў і пенсійная выслуга 20 гадоў, бясплатнае абмундзіраванне, стабільная заработная плата і г.д.
Але і да тых, хто жадае служыць у міліцыі, прад’яўляюцца сур’ёзныя патрабаванні. Міліцыянерамі могуць стаць грамадзяне, якія па сваіх асабістых, маральных і дзелавых якасцях, стану здароўя, узроўню адукацыі здольны выконваць задачы, ускладзеныя на праваахоўныя органы. А вось, напрыклад, «плямы» на біяграфіі блізкіх сваякоў стануць перашкодай на шляху да міліцэйскай кар’еры.
Сёння райаддзел унутраных спраў на конкурснай аснове набірае кандыдатаў на пасады ўчастковага інспектара міліцыі, оперупаўнаважанага аддзялення крымінальнага вышуку, інспектара дарожна-патрульнай службы ДАІ, памочніка дзяжурнага аператыўна-дзяжурнай службы, вадзіцеля-супрацоўніка групы тылавога забеспячэння. Безумоўна, кожная спецыяльнасць патрабуе пэўнай адукацыі, для некаторых прэтэндэнты на пасаду павінны адслужыць ва Узброеных Сілах, мець вадзіцельскае пасведчанне. Больш падрабязную інфармацыю заўсёды можна атрымаць у групе кадраў РАУС па тэлефоне 2-16-10.
Сяргей ПАЖОГА,
намеснік начальніка РАУС