Тэлефон, дзе не кінуць трубку

Калектыў СПЦ

Кожны з нас самастойна будуе ўласнае жыццё і валодае разнастайнымі спосабамі пераадолення праблемных  сітуацый, з’яўляючыся ў пэўнай ступені «сам сабе псіхолагам».  Аднак, у той жа час многім знаёмы стан, калі ўласных ведаў і вопыту недастаткова, блізкія людзі па той ці іншай прычыне не могуць ці не жадаюць дапамагчы, а то і самі з’яўляюцца непасрэднай прычынай канфліктнай сітуацыі.

Хто я такі? Навошта жыву? Якім можа і павінна быць маё існаванне? На розных прыступках жыцця мы зноў і зноў задаём сабе гэтыя пытанні і шукаем дапамогі не для таго, каб на іх адказалі, а дапамаглі знайсці правільны адказ.

Вясной 1906 года ў ЗША пратэстанцкага свяшчэнніка разбудзіў тэлефонны званок. «Вельмі прашу аб сустрэчы. У мяне бязвыхадная сітуацыя», — пачуў ён голас з тэлефоннай трубкі і адказаў: «Заўтра царква  будзе адчынена з самай раніцы, прыходзьце».  На наступны дзень свяшчэннік даведаўся, што жанчына, якая тэлефанавала яму, скончыла жыццё самагубствам. Усхваляваны  тым, што адбылося, ён даў у газеце аб’яву  наступнага зместу: «Перад тым, як пайсці з жыцця,  тэлефануйце мне ў  любы час сутак». Так напачатку мінулага  стагоддзя з’явіліся тэлефоны даверу.

За апошнія гады звароты на тэлефон даверу з просьбай аб дапамозе і парадзе сталі ўсё больш распаўсюджанай і звыклай з’явай.  Сучасны чалавек  падвяргаецца мноству стрэсаў:  скасаванне шлюбу, смерць блізкага, здрада, абыякавасць з боку тых, хто побач, няўменне знайсці сябе  ў жыцці і інш.  Некаторыя не маюць сяброў, а ў цяжкія гадзіны нават няма  чалавека, з якім можна раздзяліць гора і бяду. У кожнага з нас здараюцца сітуацыі, калі  зносіны неабходныя, як глыток свежага паветра.  І тады варта набраць нумар тэлефона даверу…

У Ляхавічах тэлефон даверу дзейнічае ўжо больш за 10 гадоў на базе раённага  сацыяльна-педагагічнага  цэнтра. Кансультацыі па тэлефоне даюцца ўсім, каму патрабуецца псіхалагічная падтрымка, але ў першую чаргу падлеткам, у якіх адчувальныя праблемы ў адносінах з бацькамі, равеснікамі, аднакласнікамі і цяжкасці ў самавызначэнні. Кансультацыі часцей за ўсё праходзяць у форме размовы. Таму, хто звярнуўся за дапамогай, даецца магчымасць выказаць свае праблемы, задаць хвалюючыя пытанні, а спецыяліст-кансультант дапамагае паглядзець на іх  з боку, знайсці шляхі вырашэння, разабрацца ў тым, што адбываецца.  Кожны чалавек, які звярнуўся за дапамогай на тэлефон даверу, мае права разлічваць на канфідэнцыяльнасць, ананімнасць, а таксама магчымасць выгаварыцца.

Часта можа ўзнікнуць сумненне, пачуццё нявер’я, што нехта можа дапамагчы і зразумець.  Прасіць дапамогі ў незнаёмца страшнавата: падумае кепска, ды і гарадок невялікі — можа  расказаць усё іншым. Маўляў, не буду нікому нічога гаварыць, магчыма, сітуацыя вырашыцца сама сабой. А калі не? Тады — ціха цярпець,  пастаянна  думаць, раздражняцца…

Варта паспрабаваць усё змяніць. Кожны чалавек мае права на перамены да лепшага, на магчымасць быць пачутым і зразумелым, і спецыялісты сацыяльна-педагагічнага цэнтра заўсёды гатовы падаць руку дапамогі ўсім і кожнаму. Калі вы жадаеце змяніць сваё жыццё да лепшага, разабрацца ў праблеме, наладзіць адносіны з блізкімі ці проста атрымаць падтрымку — званіце на тэлефон даверу па нумары 2-11-81 штодзённа  (акрамя суботы і нядзелі) з 8.00 да 19.00 гадзін. Кругласутачна працуюць тэлефоны даверу ў Мінску: для дарослых 8-017-290-44-444; для дзяцей — 8-017-315-00-00. Можна пазваніць і ў Брэст: 8-0162-40-62-26. І памятайце: дапамога таксама блізка, як і тэлефон…

Марына ГРЫКЕЛЬ,
педагог-псіхолаг СПЦ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *