Слабаму звяну патрабуецца замена. Больш за мільён рублёў з рэспубліканскага бюджэту выдаткавана на мадэрнізацыю электрасетак
Немагчыма паглядзець любімы фільм ці перадачу па тэлебачанні, адсутнічае інтэрнэт, не працуе бытавая тэхніка і яшчэ колькі непрыемнасцей для сучаснага чалавека нясе нават кароткачасовая адсутнасць электрычнасці. Прычынай такіх адключэнняў становяцца не толькі непаладкі ў рабоце электрасетак, але і разнастайныя стыхійныя з’явы накшталт навальніцы, моцных вятроў, снегападу, галалёду. У такіх выпадках перапынак у энергазабеспячэнні адбываецца з-за пашкоджання ліній электраперадач 10 і 0,4 кВт – найбольш слабага звяна ў сістэме электразабеспячэння. Таму яго трэба своечасова рэканструяваць ці замяняць.
Сёлета вясной у некаторых населеных пунктах раёна пачалася рэканструкцыя электрычных сетак. Вядзецца замена маральна і фізічна састарэлага абсталявання ліній на больш сучаснае для павышэння эфектыўнасці работы энергасістэм, надзейнага забеспячэння электраэнергіяй спажыўцоў.
Работы выконваюцца ў межах рэалізацыі дзяржаўнай праграмы «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе» за бюджэтныя сродкі. Акрамя таго, будаўніцтва электрасетак часткова вядзецца за кошт РУП «Брэстэнерга».
На сённяшні дзень заменены электрасеткі ў аграгарадку Ліпск і па вуліцы 60 гадоў Кастрычніка ў райцэнтры. Завяршаюцца работы ў вёсцы Вялікая Лотва і на ляхавіцкіх вуліцах Янкі Купалы і Чэхава. Да канца гэтага года рэканструююцца электрасеткі па гарадской вуліцы Цітовіча. У наступным годзе замена «слабых звенняў» будзе прадоўжана.
Валерый МАСЛЮК,
намеснік начальніка Ляхавіцкага РЭС.