У рэзідэнцыі «каралевы». У фермерскай гаспадарцы «Прадславіна» растуць буякі

На мінулым тыдні «ЛВ» удастоіўся гонару пабываць у рэзідэнцыі «каралевы». Некалькі кіламетраў ад райцэнтра – і вось на залітай сонцам палянцы, у акружэнні лясоў, на арандаваных чатырох гектарах раскінуліся ўладанні фермерскай гаспадаркі «Прадславіна», дзе расце, па словах гаспадара Сяргея Данільчыка, каралева саду. Такім азначэннем па праве карыстаюцца буякі.

– Развядзенне буякоў пачыналі з чатырох саджанцаў, якія «пасялілі» ў садзе, прыжіліся толькі два. Сталі разбірацца, чаму. Аказалася, іншыя культуры неабходна адаптаваць пад буякі. Яны – галоўныя! – тлумачыць Сяргей Данільчык.
Скарбніца вітамінаў і мінералаў, запавольваюць старэнне арганізма, рэкамендуюцца хворым на цукровы дыябет, нармалізуюць абмен рэчываў і страваванне, паляпшаюць зрок, не даюць развіцца і ўтварацца ракавым клеткам – як толькі не ўсхваляюць буякі. Медык па прафесіі (працуе фельчарам у аддзяленні хуткай дапамогі райбальніцы), Сяргей з гэтым стопрацэнтна згодны. Увесь свой свабодны ад асноўнай работы час ён з задавальненнем працуе на ягаднай плантацыі буякоў.
Цяпер на ёй высаджана каля 20 сартоў гэтай ягады. Фермерская гаспадарка актыўна і плённа супрацоўнічае з гадавальнікамі і лаба-раторыямі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Сяргей Данільчык падкрэслівае, што цяпер без праблем у інтэрнэце можна знайсці неабходную інфармацыю, працэс вырошчвання любой культуры раскладзены, што называецца, па палічках, але тэорыя нішто без практыкі, таму акадэмічная дапамога бясцэнная.
Сёлетнія «сюрпрызы» надвор’я пакінулі свой след на ягадніку. Па словах гаспадароў, шмат вымерзла. Але Сяргей Данільчык і Алена Мікуліч аптымісты, зазначаюць: не пашанцавала сёння, атрымаецца заўтра.
Сезон збору ягад – ліпень-жнівень. Пры спрыяльных умовах, належным доглядзе ўраджай збіраецца 4-5 разоў. А якія ягады! Буйныя, на некаторых кустах памерам з вішню, у залежнасці ад сорту ўраджайнасць вагаецца да 6 кілаграмаў з куста.
Дваім справіцца з такім участкам (ягады збіраць трэба амаль штодзённа) немагчыма, таму на дапамогу прыходзяць дзеці, родныя, сябры. Рынкі збыту вырашчанай прадукцыі ў фермераў даўно распрацаваны, пастаянныя кліенты нават запісваюцца ў чаргу. Летась ў «Прадславіна» прыязджалі госці з Карэі, сёлета – з Японіі. Пакаштавалі ягады – і колькі кампліментаў прагучала ў адрас гаспадароў!
У гэтай дружнай працавітай сям’і ўсё прывыклі вырашаць разам. І ідэя заняцца справай, якая прыносіла б не толькі прыбытак, але задавальненне і радасць, была агульнай.
– Пачынаць было цяжкавата. Вопыту ніякага, да ўсяго прыходзілі шляхам спроб і памылак. Гэта тычылася выбару сартоў, набыцця саджанцаў, пасадкі, далейшага догляду, захоўвання, пошуку рынкаў збыту, – расказвае Алена і дадае: – Калі б не Сяргей, напэўна, і не рызыкнула б заняцца такім бізнесам. А муж прывык даводзіць пачатую справу да канца.
Эксклюзіўны для Ляхавіччыны прадпрымальніцкі занятак бярэ пачатак з 2012 года, калі Сяргей і Алена заснавалі фермерскую гаспадарку «Прадславіна». Першы ўраджай сабралі толькі праз некалькі гадоў.
Сяргей і Алена на ўласным вопыце пераканаліся: у Ляхавіцкім раёне бізнесу – зялёнае святло. Мясцовая Улада падтрымала іх ініцыятыву: выдзелілі месца, як і прасілі, абароненае лесапасадкай ад ветру і, галоўнае, сонечнае, што і трэба для буякоў. Наогул, у якую б службу ні звярталіся за парадай ці дапамогай, нідзе не чулі адмовы.
А тым часам буякі з «Прадславіна» з кожным новым ураджаем атрымліваюць новых прыхільнікаў – смачна, здорава, карысна.

ФАКТ

Бізнесу ў нашай краіне – зялёнае святло і Ляхавіцкі раён не выключэнне. У прамысловасці і сельскай гаспадарцы, аказанні бытавых і культурных паслуг, будаўніцтве і рамонце з кожным годам усё мацней гучыць важкае слова індывідуальных прадпрымальнікаў, фермераў, прыватных прадпрыемстваў. Ф/г «Прадславіна» – адзін з прыкладаў дзелавой актыўнасці землякоў.

Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *