Маладзёжная тысяча
У кожнага жніва свае героі, перамогі і падзеі. У мінулы чацвер у майстэрнях ААТ «Шлях новы» спалучыліся гэтыя прыемныя складнікі ўборачнага працэсу.
Героі: маладзёжны экіпаж у складзе старшага камбайнера Аляксандра Дзядовіча і камбайнера Рамана Станчыка.
Перамога: яны адзіныя сярод маладзёжных экіпажаў раёна перасягнулі тысячны рубеж намалоту.
Падзея: радасная навіна стала нагодай павіншаваць маладых механізатараў.
Маладыя, прыгожыя, энергічныя, яны ў гэты дзень у цэнтры ўвагі. З адметным дасягненнем віншавалі камбайнераў старшыня райвыканкама Аляксандр Камінскі і яго першы намеснік-начальнік райсельгасхарчу Іван Шматко. Падарункі і цёплыя словы экіпажу за шчырую працу – ад райкамаў галіновых прафсаюзаў, БРСМ і кіраўніцт-ва гаспадаркі. У імгненне загучаў гармонік – музычнае віншаванне адрасавалі самадзейныя артысты з народнага ансамбля народнай песні «Крыніца».
Дзякуй за свята. У наступным годзе пакажам лепшы вынік, гавораць трохі разгубленыя ад увагі юнакі.
Аляксандр на жніве дзясяты сезон. З іх сем – у якасці старшага камбайнера. Жартуе, што ў іх сям’і Дзядовічаў любоў і прага да жніўнай справы. Камбайнерам у «Шляху новым» працуе бацька Анатолій, брат Міхаіл таксама шчыруе на КЗСе. А вось уборачным тонкасцям вучыўся ў механізатара Аляксандра Станчыка, з якім пачынаў працаваць. Цяпер жа другі год запар з яго сынам Раманам шчыруе на хлебных палетках гаспадаркі.
Галоўнае, зазначае ўборачны тандэм, адразу ўзяць належны тэмп і ні ў якім разе яго не збаўляць. Але памятаць, што тут вызначальны фактар усё ж – якасць. І, канешне, надзвычай важнае разуменне і адчуванне сяброўскага пляча побач.
Дарэчы, Рома ў хлебароба перакваліфікоўваецца на лета. У верасні зноў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры, дзе ён вучыцца на трэнера па лёгкай атлетыцы.
… У руках вымпел, на ім цудоўны надпіс «Пераможцу спаборніцтва». Праўда, пра спаборніцтва падчас жніва камбайнеры Аляксандр і Раман не думалі, проста працавалі рупліва, ашчадна.
Маргарыта КУХТА.