Любімыя кветкі настаўніцы

Яе любоў са школай доўжыцца практычна ўсё жыццё: як пайшла калісьці ў першы клас, так і не развітвалася з ёю… дакладней, не развітваецца дасёння. І хаця ўжо некалькі гадоў як на заслужаным адпачынку, і хаця пачатковай школы ў аграгарадку Русінавічы, дзе яна працавала, якую ўзначальвала, больш няма, педагагічныя стасункі Заслужанай настаўніцы БССР Леаніды Рачкоўскай працягваюцца праз тэлефанаванні былых вучняў, калег, праз цікавасць да сённяшніх клопатаў адукацыі.
Леаніда Уладзіміраўна настолькі заўсёды была ў сваёй любімай справе, што нават сын, дачка і ўнучка не ўстаялі – выбралі для сябе педагогіку. Ці не пераконвае гэты факт у тым, што сапраўднае, добрае, стваральнае не застаецца незаўважаным, перадаецца з пакалення ў пакаленне.
Зноў жнівень, зноў зачароўвае гэта фантастычная палітра фарбаў, зноў у агародчыках палымнеюць кветкі, кветкі, кветкі. Дарэчы, яны – не проста любімчыкі Леаніды Уладзіміраўны, а яе пажыццёвае захапленне і кропка прыкладання сіл: вырасціць каны, вырасціць вяргіні, гладыёлусы, звычайныя браткі – гэта, да ўсяго іншага, вялікая праца. Затое як радуюць вока, як на ўсім зразумелай мове спяваюць гімн прыгажосці! Мусіць, не выпадкова Леаніда Рачкоўская мае такое захапленне: гэтае «захапленне» і пад акном, і букетамі заўсёды суправаджае яе дзень нараджэння. Не цяжка здагадацца, што ён у жніўні, а сёлета – юбілейны.
І яшчэ нюанс, які заслугоўвае асаблівай увагі, таксама юбілейны: Рачкоўскія Іван Іосіфавіч і Леаніда Уладзіміраўна адзначаюць залатое вяселле.
Прымайце віншаванні!
Вольга СВЯТЛОВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *