Тры ў заліку. На пасяджэнні райвыканкама падведзены паўгадавыя вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця нашага раёна
Працаваць над павышэннем якасці і пашырэннем асартыменту выпускаемай прадукцыі і аказваемых паслуг, забяспечыць рост прадукцыйнасці працы і, адпаведна, заработнай платы, рацыянальна выкарыстоўваць усе віды матэрыяльных рэсурсаў, правесці работу над памылка- мі – толькі такім чынам можна кардынальна змяніць сітуацыю ў эканоміцы і па выніках года выканаць усе даведзеныя нашаму раёну заданні. На жнівеньскім пасяджэнні райвыканкама падводзіліся паўгадавыя вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Ляхавіччыны.
Плюсы і мінусы
Намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Навагран прааналізаваў найбольш важныя сацыяльна-эканамічныя паказчыкі. Ён адзначыў, што за першае паўгоддзе ў раёне тэмп росту экспарту тавараў без уліку рэспубліканскіх прадпрыемстваў вырас больш чым на трэць; прамыя замежныя інвестыцыі склалі 2 мільёны долараў пры заданні 830 тысяч долараў; выканана на 19 працэнтаў больш запланаванага будаўніча-мантажных работ.
Разам з тым, канстатаваў Андрэй Навагран, па васьмі даведзеных паказчыках раён пакуль мінусуе. Калі браць некаторыя з іх (стварэнне новых працоўных месцаў на новых прадпрыемствах; тэмп росту рознічнага тавараабароту, энергазберажэнне) зніжэнне нязначнае. А вось тэмп росту экспарту паслуг (асноўныя экспарцёры – прадпрыемствы прыватнай формы ўласнасці) склаў 29,6 працэнта пры заданні 103,8 працэнта. У чатыры разы знізіўся экспарт транспартных паслуг, у тры – турыстычных, будаўнічыя зусім не прадстаўлены. Дапушчаны мінусы па ўзроўні заработнай платы, вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі, уводзе жылля, рэнтабельнасці продажаў, атрыманні чыстага прыбытку.
Сёлета запланавана ўвесці ў эксплуатацыю 6000 метраў квадратных жылля, пакуль у наяўнасці 1961 квадратны метр. Разам з тым, Андрэй Навагран падкрэсліў, што будаўнічае заданне да канца года будзе выканана: будуць уведзены ў эксплуатацыю 40-кватэрны жылы дом і індывідуальныя дамы агульнай плошчай 1817 квадратных метраў. Але для ПМК-13 і ПМК-17 застаюцца надзвычай актуальнымі пошук новых падрадаў і больш якаснае выкананне работ.
Два прадпрыемствы раёна – ільнозавод і райпалівазбыт – маюць статус стратных, сума страт адпаведна 121 тысяча рублёў і 12 тысяч рублёў. Выхад на бясстратную работу па льнозаводзе чакаецца па выніках 2018 года, па райпалівазбыце – сёлета за 10 месяцаў.
Злабадзённае пытанне – пратэрмінаваная дэбіторская запазычанасць. Па стане на 1 ліпеня яна склала 2,8 мільёна рублёў – знізілася на 11,7 працэнта ў параўнанні з пачаткам года. Статыстыку цягнуць уніз камунгас (рост 127 працэнтаў) и ПМК-17 (102 працэнты). Знізілася запазычанасць у льнозавода (на 20 працэнтаў), райаграсэрвіса (на 23,8), ААТ «Жарабковічы» (на 17 працэнтаў).
Па стане на 1 ліпеня пратэрмінаванай знеш- няй дэбіторскай запазы-чанасці ў раёне няма.
Выкарыстаць патэнцыял
У тройку прадпрыемстваў, якія па выніках паўгоддзя не справіліся з заданнем, – увайшлі льнозавод і малочны, камунгас, дзе аб’ёмы вытворчасці не дасягнулі 100 працэнтаў.
Каторы год запар недастатковая колькасць сыравіны адмоўна ўплывае на работу ААТ «Ляхавіцкі льнозавод». За паўгоддзе тут выпушчана 98,3 працэнта прадукцыі да ўзроўню мінулага года. Дырэктар прадпрыемства Дзмітрый Скакун зноў спасылаўся на надвор’е, якое не дало вырасціць і сабраць добры ўраджай. Хаця справа яўна і ў суб’ектыўным фактары. Не хапае разваротлівасці, актыўнасці, зрэшты, ініцыятыўнасці ў арганізацыі вытворчасці.
Старшыня райвыканкама Аляксандр Камінскі акцэнтаваў увагу на неабходнасці пашырэння пасяўных плошчаў пад даўгунец, што дазволіць павялічваць аб’ёмы сыравіны і, адпаведна, выпускаемай прадукцыі.
Каб выканаць заданне па аб’ёмах вытворчасці прамысловай прадукцыі льно- і малочнаму заводам неабходна закупляць сыравіну ў іншых рэгіёнах.
Пашырэнне геаграфіі сыравіннай базы, выпуск інавацыйнай прадукцыі, нарошчванне экспарту (пакуль у замежжа пастаўляецца толькі казеін) – сярод першачарговых задач малакаперапрацоўчага прадпрыемства.
Востра стаіць пытанне па аб’ёме выпускаемай прадукцыі КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» (91,5 працэнта). Што перашкаджае развівацца прадпрыемству? Чаму тэхніка арандуецца ў іншых арганізацыях, а свая прастойвае? На якой стадыі правядзенне рэканструкцыі ачышчальных збудаванняў? Нямала скаргаў ад насельніцтва на якасць пітной вады і, адпаведна, ёсць пытанне наконт эфектыўнасці работы станцый абезжалезвання, куды ўкладзены значныя сродкі
Гэтыя і іншыя пытанні кіраўнік раёна паставіў перад дырэктарам жылкамунгаса.
У якасці прыкладу як трэба працаваць – торфабрыкетны завод «Ляхавіцкі», дзе аб’ёмы вытворчасці прадукцыі дасягнулі 123,5 працэнта да леташняга першага паўгоддзя, і Ляхавіцкі кансервавы завод – 109,1 працэнта.
Галіна КАНЬКО.