Ірына Юр’еўна ідзе ў школу
Для яе 1 верасня – не менш хвалюючая падзея, чым для першакласнікаў. Ірына Шабліцкая ўпершыню пераступіць парог Ліпскай школы ў якасці педагога і сустрэнецца са сваімі вучнямі. Учарашняя выпускніца Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна, а сёння класны кіраўнік сямікласнікаў будзе выкладаць хлопчыкам і дзяўчынкам беларускую мову і літаратуру. Любіць кнігу, любіць дзяцей.
– Яны адчуваюць творы па-іншаму, бачаць тое, што ніколі не заўважыць дарослы. Хутчэй хачу разам з імі акунуцца ў цудоўны свет беларускай літаратурнай спадчыны, адкрыць і для іх, і для сябе новыя старонкі творчасці таленавітых землякоў, адчуць мілагучнасць нашай роднай мовы. Тым больш, пачатак навучальнага года ўпрыгожаны гучнай і значнай падзеяй – Днём пісьменства, ды яшчэ ў Год малой радзімы. І першы ўрок Дня ведаў пройдзе па тэме «Мне выпала шчасце тут нарадзіцца…».
Маргарыта КУХТА.