Верасень. Званок. Урок. У Ліпскай школе ў Дзень ведаў першы званок новага навучальнага года прагучаў для 117 хлопчыкаў і дзяўчынак
Больш за 2760 нашых юных землякоў селі за парты гарадскіх і вясковых школ. Для 291 учарашняга дашкольніка 1 верасня пачалося «класнае» жыццё. А з адзнакай «выпускны» гэты навучальны пройдзе ў 185 адзінаццацікласнікаў раёна.
Днём ведаў і яго першым урокам па тэме «Мне выпала шчасце тут нарадзіцца…» пачаўся чарговы школьны год.
Няхай ён стане насычаным, пазнавальным, паспяховым.
У мінулую суботу вуліцы райцэнтра, вёсак і аграгарадкоў літаральна ахапіла кветкавая ліхаманка: шыкоўныя хрызантэмы, гладыёлусы, ружы, лілеі ў руках хлопчыкаў і дзяўчынак. 1 верасня па ўсёй краіне, у тым ліку і на Ляхавіччыне, прайшлі традыцыйныя ўрачыстыя лінейкі, прысвечаныя пачатку навучальнага года і Дню ведаў
Адзвінеў першы званок і ў Ліпскай школе. Прыемнае хваляванне, чаканая сустрэча з сябрамі, па якіх за лета паспелі засумаваць; з настаўнікамі, што будуць крочыць нага ў нагу са сваімі вучнямі; са школай, што аднавілася і поўнасцю гатова да вучэбнага працэсу.
Пад апладысменты на імправізаваную канцэртную пляцоўку ідуць першаклашкі, сёлета ліпскую школьную сям’ю папоўнілі 10 былых дзетсадаўцаў. Яны шчыра ўсміхаюцца, махаюць гасцям і сваім школьным «калегам», гатовы да падарожжа ў краіну ведаў. Тым больш, калі побач чалавек, які заўсёды падтрымае, падкажа, накіруе і проста будзе побач – першая настаўніца Лілія Кавальчук.
Асаблівае 1 верасня ў выпускнікоў. Апошні школьны год складаны самы – трэба паднаціснуць, падрыхтавацца да ЦТ і, зрэшты, зрабіць канчатковы выбар прафесіі.
Вітаў школьнікаў, настаўнікаў, бацькоў і гасцей свята кіраўнік раёна Аляксандр Камінскі, які ўручыў ад раённай улады падарунак ліпскім школьнікам і настаўнікам – ноўтбук.
Старшыня КСУП «Ліпнянка» Станіслаў Берташ павіншаваў падшэфных з Днём ведаў. Ён падзякаваў вучню 9 класа Андрэю Гачко за дапамогу на жніве. Дарэчы, за сродкі КСУП школа сёлета набыла жалюзі.
Па традыцыі ўсе першакласнікі атрымалі ў падарунак ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь кнігу «Беларусь – наша Радзіма».
У Год малой радзімы галоўная тэма першага ўрока гучыць прыгожа, сімвалічна «Мне выпала шчасце тут нарадзіцца…».
Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.
Смотреть приятно, что в деревенской школе учатся столько ребят) и школа красивая, условия нормальные, думаю не хуже городских.