Пенсію трэба зарабіць

Выкананне пенсіённага заканадаўства ў Ляхавіцкім раёне разгледзелі дэпутаты райсавета на чарговай сесіі. Пенсіённае забеспячэн- не – адзін з важных складнікаў сістэмы сацыяльнай абароны. Амаль трэцяя частка жыхароў нашага раёна атрымлівае розныя віды пенсій, 6933 чалавекі – па ўзросце. Сярэдні памер пенсіі за жнівень – 344 рублі. На гэтыя мэты са сродкаў дзяржаўнага пазабюджэтнага Фонду сацыяльнай абароны выдаткавана ў раёне толькі за мінулы месяц 2,9 мільёна рублёў.
Справаздачу перад дэпутатамі трымала начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Дзіяна Трысцень, якая ўдакладніла, што памер пенсіі залежыць ад двух асноўных параметраў: стажу работы і індывідуальнага каэфіцыента зарплаты. Перыядычна пра-водзіцца пераразлік пенсій у сувязі з ростам сярэдняй заработнай платы ці са змяненнем бюджэту пражытачнага мінімуму.
У мінулым годзе за прызначэннем пенсіі звярнуліся 336 землякоў. Раённая камісія прыняла 18 рашэнняў аб адмове ў прызначэнні пенсій, у шасці выпадках – з-за адсутнасці працоўнага стажу. Сёлета з 95 падобных зваротаў восем атрымалі адмоўны адказ.
Маюць месца выпадкі несвоечасовага паведамлення пра прыём на работу пенсіянераў наймальнікамі і самімі пенсіянерамі, што прывяло да пераплаты.
Дарэчы, Законам «Аб пенсіённым забеспячэнні» ўстаноўлена адказнасць работадаўцаў за своечасовасць афармлення дакументаў пра стаж работы, заработную плату і прадастаўлення звестак у органы сацыяльнай абароны. Каб на такіх важных этапах не было пралікаў, спецыялісты ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама праводзяць навучальныя семінары, стажыроўкі, кансультацыйныя дні на прадпрыемствах, ва ўстановах і арганізацыях. Сёлета такія мерапрыемствы адбыліся ў ААТ «Жарабковічы», «Шлях новы», СВК «Ляхавіцкі», райагра-сэрвісе, райбальніцы, райпо.
Начальнік раённага аддзела Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Кацярына Навагран падкрэсліла, што менавіта Фонд з’яўляецца крыніцай забеспячэння сацыяльных гарантый, сродкі з яго выкарыстоўваюцца на выплату працоўных пенсій, дзіцячых дапамог, аплату бальнічных, фінансаванне выплат на санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне. Ад пералічаных плацельшчыкамі сумаў узносаў залежыць забяспечанасць уласнымі сродкамі на фінансаванне пенсій. Запазычанасць па ўзносах у Фонд не на карысць і работнікам, і наймальнікам. Для работадаўцаў нявыплата ці няпоўная выплата ва ўстаноўлены тэрмін прадугледжвае штраф у памеры ад 2 да 20 БВ на службовую асобу, у памеры 20 працэнтаў ад нявыплачанай сумы на індывідуальнага прадпрымальніка. Кацярына Навагран адзначыла, што ў раёне змяншаецца запазычанасць па ўзносах у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Леанід Калбаса напомніў пра неабходнасць правядзення больш актыўнай растлумачальнай работы сярод грамадзян. Людзі павінны ведаць, як фарміруецца працоўны стаж, пра абавязковасць выплаты страхавых узносаў у Фонд сацыяльнай абароны. Кожнаму трэба памятаць, што пенсію неабходна зарабіць, таму ніякіх зарплат у канверце ці так званага неафіцыйнага працаўладкавання.
Дарэчы, у Ляхавіцкім раёне 1700 грамадзян, якія дасягнулі пенсіённага ўзросту, прадаўжаюць працаваць. Чаму б не, калі чалавек па-ранейшаму прыносіць карысць, яго праца запатрабавана.
Сесія даручыла ўпраўленню па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама актывізаваць работу па растлумачэнні нормаў пенсіённага заканадаўства сярод насельніцтва; штогод да 1 лютага інфармаваць наймальнікаў пра парушэнні пенсіённага заканадаўства за мінулы каляндарны год. Шэраг рашэнняў, прынятых на сесіі, тычыцца і работа-даўцаў.
Галіна КАНЬКО.

У тэму

Права атрымліваць пенсію па ўзросце на агульных падставах маюць мужчыны пры агульным стажы работы не менш за 25 гадоў, жанчыны – не менш за 20 гадоў пры дасягненні агульнапрынятага пенсіённага ўзросту (у 2018 годзе адпаведна 61 і 56 гадоў). Абавязковая ўмова – выплата страхавых узносаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва (сёлета неабходны страхавы стаж складае 16 гадоў 6 месяцаў). Вылічэнне пенсій робіцца ў працэнтах да адкарэкціраванага фактычнага заробку (у 2018 годзе вылічваецца за апошнія 24 гады работы пры ўмове выплаты абавязковых страхавых узносаў).

Фота БЕЛТА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *