Веды – ключ да ўпэўненай будучыні
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка наведаў 1 верасня святочную лінейку з нагоды Дня ведаў у Александрыйскай сярэдняй школе Шклоўскага раёна, дзе калісьці вучыўся.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што дарослым заўсёды важна, каб дзеці ўсведамлялі каштоўнасць школьнай пары. Разумелі, што ўрокі, кантрольныя, экзамены – гэта своеасаблівая рэпетыцыя дарослага жыцця. «Але каб прайсці гэты шлях дастойна і ўспамінаць яго з радасцю, трэба ўжо сёння даражыць кожным імгненнем, прымаць з удзячнасцю ўсё, што дае школа. І цяжкасці ў тым ліку», – заўважыў Кіраўнік дзяржавы. Таму што менавіта яны вучаць пераадольваць сумненні і няўпэўненасць, растлумачыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка дадаў, што, аб чым бы ні марылі сённяшнія школьнікі, – усё магчыма. «І ключ да вашай упэўненай будучыні – гэта веды. Без іх нікуды. Веды не дзеля адзнакі, а дзеля дасягнення высокіх мэт. Не павярхоўная інфармацыя, якая даступна ў любым гаджэце, у інтэрнэце, а глыбокае вывучэнне прадметаў», – адзначыў ён.
«Так, мы жывём у эпоху інфармацыйных тэхналогій. Зазірнуўшы ў той самы гаджэт, можам імгненна атрымаць адказ на любое пытанне. Але не гэта робіць чалавека больш разумным і адукаваным, а лагічнае мысленне, уменне разважаць і рабіць правільныя вывады, абапіраючыся на ўласны інтэлект і эрудыцыю. Развіваць іх трэба ў школьным узросце. І лепшыя памочнікі на гэтым шляху – вашы настаўнікі і бацькі», – звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.
«Але, цалкам аддаючыся свету ведаў, не забывайце, што гэта важна, але гэта не адзінае, што будзе важна ў вашым жыцці. Фізічная актыў- насць – лепшы адпачынак пасля разумовай нагрузкі. Больш сустракайцеся, праводзьце вольны час на свежым паветры і абавязкова займайцеся спортам – для гэтага ў вас створаны выключныя, унікальныя ўмовы», – параіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падарыў установе комплекс спартыўных трэнажораў. Навучэнцы ў сваю чаргу падрыхтавалі для Кіраўніка дзяржавы фотаальбом «Сцяжынкамi малой радзiмы», выкананы ў тэхніцы скрапбукінгу.
Пасля святочнага канцэрта Прэзідэнт наведаў размешчаны ў былым будынку Александрыйскай школы гісторыка-краязнаўчы музей і свой клас. Там Аляксандр Лукашэнка паразмаўляў з першакласнікамі і сваімі былымі настаўнікамі. Дзецям Кіраўнік дзяржавы расказаў пра свае школьныя гады, а ў педагогаў пацікавіўся цяперашнім жыццём і ўручыў ім падарункі.
БЕЛТА.
Фота БЕЛТА