Салодкі шлях. У пяты дзень верасня ў Ляхавіцкім раёне стартавала ўборка цукровых буракоў
Цукровыя буракі даволі познаспелы караняплод, які на старце каляндарнай восені ўсё яшчэ працягвае фарміравацца – набірае масу і цукрыстасць як галоўную сваю якасную характарыстыку. Тым не менш, у пяты дзень верасня ў раёне стартавала ўборка цукровых буракоў. Такі крок – свайго роду пагадненне паміж вытворцамі і перапрацоўшчыкамі. Апошнія за магчымасць запусціць перапрацоўчы канвеер у больш раннія тэрміны гатовы дадаткова прыплачваць пастаўшчыкам сыравіны і тым самым кампенсаваць буракаводам патэнцыяльныя фінансавыя страты, выкліканыя продажам «недаспелай» прадукцыі.
У гэтым годзе салодкая сыравіна ў раёне размешчана на плошчы 1700 гектараў у райаграсэрвісе, «Шляху новым» і «Жарабковічах». Пачынаючы з серады, жарабковіцкія бурачныя гектары (а іх сёлета 900) паступова пайшлі на змяншэнне. У работу ўключыўся «Холмер», і былі падняты першыя дзясяткі тон караняплоду.
Намеснік дырэктара ААТ Леанід Варвашэвіч адзначае:
– Пакуль ураджайнасць у межах 400 цэнтнераў на круг. Але ўчастак, з якога пачалі, не самы лепшы. Ды і памятаем, што бурак працягвае рост. Відавочна, што больш нізкія пасевы з’яўляюцца і больш ураджайнымі. Высокім палям у самы патрэбны час не хапіла вільгаці.
Гэта толькі пачатак салодкага шляху, які расцягнецца не на адзін тыдзень.