На Ляхавіччыне развіваецца тэрытарыяльная абарона
У Рэспубліцы Беларусь развіваецца новы накірунак дзейнасці Узброеных Сіл – тэрытарыяльная абарона, арганізацыя якой – адзін з найбольш эканамічных шляхоў падтрымання абараназдольнасці дзяржавы на сусветным узроўні. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь зацверджана канцэпцыя тэрытарыяльнай абароны, якая вызначае яе ролю і месца ў сістэме ваеннай бяспекі краіны, механізм стварэння і асноўныя накірункі развіцця. Сярод апошніх — абарона межаў Рэспублікі Беларусь, яе дзяржаўных і ваенных аб’ектаў, барацьба з дыверсійнымі групамі, правядзенне інжынерных работ па падрыхтоўцы населеных пунктаў непасрэдна да абароны.
Аддзяленне тэрытарыяльнай абароны створана і дзейнічае і на Ляхавіччыне. У 2009 годзе прайшлі неабходнае навучанне службовыя асобы. Райвыканкам, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый горада і раёна, афіцэры запасу ўнеслі значны ўклад у рэалізацыю пастаўленых задач.
Орган кіравання тэрытарыяльнай абароны Ляхавіцкага раёна ў верасні мінулага года прыняў удзел у аператыўна-стратэгічным вучэнні Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі “Захад-2009”, дзе змаглі атрымаць неабходныя практычныя навыкі па кіраванні падпарадкаванымі падраздзяленнямі.
Сёлета развіццё тэрытарыяльнай абароны накіравана на якасную падрыхтоўку органаў кіравання да ўдзелу ў разнастайных мерапрыемствах, што праводзяцца па планах камандавання. Будуць замацоўвацца дасяг-нутыя вынікі, рашацца задачы, якія ўскладаюцца на тэрытарыяльныя войскі з улікам новых ваенных тэндэнцый.
Алег ВЕРАМЕЙ, начальнік раённага аддзялення тэрытарыяльнай абароны.