Тэрыторыя адпачынку ляхавічан

Кожны сам клапоціцца пра летні адпачынак. Хтосьці дома перад тэлевізарам бавіць час, а прыхільнікі актыўнага ладу жыцця імкнуцца на прыроду, бліжэй да вады. Як паведаміла памочнік урача-гігіеніста раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Данута Багдановіч, на Ляхавіччыне афіцыйна вызначаны 3 зоны адпачынку: на рацэ Ведзьма ў райцэнтры, на рацэ Шчара ў вёсцы Дарава і  вадаём аздараўленчага лагера «Чайка». Па выніках апошніх проб вады на мікрабіялагічныя (утрыманне кішэчнай палачкі) і санітарна-хімічныя паказчыкі з 9 ліпеня вынесена прадпісанне аб прыпыненні купання дзяцей і дарослых у вадаёме аздараўленчага лагера «Чайка», а з 13 ліпеня — і ў рацэ Ведзьма. З пятніцы абмежавана купанне дзяцей у зоне  адпачынку вёскі Дарава.

Тым не менш, мнагалюдна, асабліва ў выхадныя дні, на гарадскім пляжы. Тут абсталяваны пляцоўкі для гульнявых відаў спорту, турнікі, стаяць кантэйнеры для збору смецця, зроблены лавачкі, выраслі «грыбкі», каб  схавацца ад сонца, ёсць кабінкі для пераапранання, працуе выратавальная станцыя Асвода.  Але не ўсё так гладка. На дзень наведвання пляжа кантэйнер для смецця быў перапоўнены. Магчыма, у гарачую пару камунгасу варта пераглядзець графік вывазу смецця з тэрыторыі пляжа, але ж і самім адпачываючым трэба быць больш свядомымі і адказнымі — дзе-нідзе можна было ўбачыць пакінутыя на зямлі пустыя пачкі ад чыпсаў, марожанага.

«Цудоўнае месца — гарадскі пляж. Сюды б яшчэ падсыпаць свежага пяску, выраўняць тэрыторыю. А калі б яшчэ можна было купіць піццё, было б зусім добра», — падзялілася ўражаннямі адна з адпачываючых.

«Я сюды прыйшла з унукамі. Адпачываць у райцэнтры падабаецца. Лічу, што гандаль на пляжы не патрэбны. Менш патрабаванняў у дзяцей. Усё неабходнае  бяру з сабой», — далучылася да размовы яшчэ адна жанчына.

Старшыня раённай арганізацыі Асвода Марыя Цітко адзначыла, што па-ранейшаму адна з галоўных праблем — паводзіны адпачываючых, якія прыходзяць на пляж нецвярозымі, а таксама знаходжанне дзяцей каля вады без пільнай увагі бацькоў. Ратавальнікі спраўна нясуць сваю службу кожны дзень да 22 гадзін, сочаць за адпачываючымі і ў любы момант гатовы прыйсці на дапамогу.

Аднак, бавіць час на пляжы, не ўсім  па душы. Многія падарожнічаюць, робяць пакупкі ў магазінах. Медыкі ў спякотныя дні раяць больш піць вадкасці. Што прапануе ляхавіцкі гандаль? Гэтым летам кіраўніцтва Баранавіцкага аўтобуснага парка № 2 паклапацілася пра пасажыраў і гараджан: на тэрыторыі аўтастанцыі ў Ляхавічах устаноўлена палатка, у якой можна пасядзець за столікам, выпіць халоднага квасу, з’есці марожанае.

Сокі, прахаладжальныя напіткі, марожанае на любы густ прапануе кандытарскі аддзел магазіна «Верас». Гэта любімае месца адпачынку ляхавічан. Працуюць кафэ і летняя пляцоўка ля ўніверсама «Радуга». У кафетэрыі «Мара» (райпо) гандлююць сокамі, газіраванай вадой на разліў, кандытарскімі вырабамі. Наогул, у магазінах харчовых тавараў усіх форм уласнасці можна купіць       безалкагольныя напіткі.

А вось у магазіне «Шчара», на момант падрыхтоўкі артыкула, з халадзільнай вітрыны, на жаль, можна было купіць толькі спіртныя напіткі. Дарэчы, для такога вялікага мікрараёна, дзе знаходзіцца  гандлёвая кропка, летняя пляцоўна не была б лішняй.

А ў раёне вуліцы Інтэрнацыянальнай наогул працуе толькі магазін «Рамонак» індывідуальнага прадпрымальніка,  забяспечвае насельніцтва неабходнымі прадуктамі харчавання. Вельмі было б добра, каб яшчэ арганізавалі, напрыклад, столікі пад парасонамі, каб людзі маглі прысесці, адпачыць, выпіць вады. У магазіне, дарэчы, у шырокім асартыменце ёсць прахаладжальныя напіткі.

Некалі вялікай папулярнасцю карысталася летняя пляцоўка бара «Ля каштана». Ужо некалькі гадоў яна не працуе.

Не першы раз пра гэта прыгадваем, але тэма і сёння застаецца актуальнай: гораду  патрэбна дзіцячае кафэ.

Апынуцца ў казцы, паласавацца прысмакамі не адмовіліся б не толькі дзеці, але і дарослыя.

І яшчэ адзін напамін: каб  летні адпачынак пакінуў пасля сябе толькі прыемныя ўспаміны, умацаваў і аздаравіў, неабходна памятаць усім добра вядомыя, элементарныя правілы бяспекі.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

2 thoughts on “Тэрыторыя адпачынку ляхавічан

  • 26/07/2012 в 00:09
    Permalink

    ГОРАДУ ПАТРЭБНА И ДЗИЧАЧАЕ КАФЭ И КАФЭ ДЗЕ МОЖНА ВЫПИЦЬ ПИВА НА РАЗЛИУ АЛЕ ГЭТАГА НЯМА! УСЁ БОЛЬШ ЗАЧЫНЯЮЦЦА КРОПКИ ГАНДЛЮ И ГРАМАДСКАГА ХАРЧАВАННЯ ЧЫМ ЯНЫ АДЧЫНЯЮЦЬ ДЗВЕРЫ ДЛ НАС ! ПАКУПНИКОУ И СПАЖЫУЦОУ!

  • 26/07/2012 в 09:38
    Permalink

    Не могу понять это статья реклама или отчет о рейде проверке по местам общественного питания и отдыха горожан? Стиль не понятен мне. Если реклама, то «Радуга», «Верас» и «Мара» Вам должны )))))

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *