Мая Лотва. Невялікая. Вуліца Кастрычніцкая. Для многіх ляхавічан гэта толькі афіцыйнае гучанне адраса, больш прывычная назва – Малая Лотва

На Кастрычніцкай нямала сучасных дамоў, але мне блізкі і з дзяцінства знаёмы вось такі пейзаж.

Вуліца Кастрычніцкая. Для многіх ляхавічан гэта толькі афіцыйнае гучанне адраса, больш прывычная назва – Малая Лотва. Вёска з такой назвай даўно стала вуліцай райцэнтра. Але яна – як асобная адзінка са сваімі традыцыямі і завядзёнкамі. Жывуць тут працавітыя, шчырыя людзі – нашы землякі.

…Невядома, хто першы праклаў гандлёвы маршрут «Малая Лотва – Камароўка». Агародніцтва для маіх землякоў – не толькі крыніца дадатковых (для некаторых і асноўных) даходаў, але і стыль жыцця са сваімі канонамі і звычкамі. Прычым займаліся гэтым сямейным бізнесам у большай ці меншай ступені, за рэдкім выключэннем, усе жыхары вуліцы.
Пачыналася ўсё, калі яшчэ ляжаў снег. Самыя нецярплівыя нават вывозілі яго з агарода, каб глеба хутчэй прагравалася. Крыху пацяплее – і пайшлі араць. Плошча вагалася ад 10 да 20 сотак. Колькі спрэчак паміж суседзямі было за мяжу! Для ўласнага спажывання заставалася прыкладна дзясятая частка ўраджаю, астатняе вывозілася на рынак.
Падрыхтаваць вырашчанае да продажу – цэлая навука, якая перадавалася з пакалення ў пакаленне. Напрыклад, ходкі тавар – радыску – абрэзаць бацвінне і хвосцікі, памыць, насыпаць у непад’ёмныя мяхі (называлі іх пульманамі). У такой справе была задзейнічана ўся сям’я, дапамагалі сваякі. У некаторых дварах за адзін «зрэз» пакавалі па 8-10 мяхоў. Аб’ядноўваліся, наймалі машыну і везлі на Камароўку. Радыску здавалі ў сталічныя сталоўкі, рэстараны, прадавалі. Вазілі таксама моркву, буракі, агуркі (праўда, у меншай колькасці). У сярэднім кожная сям’я на кірмаш выязджала двойчы на тыдзень.
Галоўныя гандлёвыя «канкурэнты» Малой Лотвы – агароднікі з Першамайскай, Савецкай, Цітовіча. Існавала вусная дамоўленасць: у аўторак едзе Лотва, у сераду – Савецкая, так і чаргаваліся.
Гандлююць лотаўцы на Камароўцы і сёння. Праўда, маштабы ўжо не тыя. Абавязкі, звязаныя з Камароўскім рынкам, былі і ў дзяцей. Вечарам, хвілін за 10 да прыбыцця цягніка «Мінск-Брэст», на чыгуначную станцыю «Ляхавічы» з’язджалася дзясятак, а то і больш веласіпедыстаў – дзеці сустракалі бацькоў са сталіцы з прысмакамі. Яны дапамагалі па гаспадарцы: пасвілі на поплаве ці каля птушніка кароў (на вуліцы было 2-3 чаргі), палолі ў агародзе, збіралі ўраджай.
Чыгуначны вакзал хоць і знаходзіцца на іншай вуліцы, але таксама мае непасрэднае дачыненне да Кастрычніцкай. Пятніца, субота, нядзеля – дні, па якіх звыклай дарогай пеша спяшаліся на цягнік навучэнцы Ляхавіцкага саўгаса-тэхнікума, а таксама студэнты, якія прыязджалі дамоў на выхадныя.
Як жа марылі калісьці лотаўцы пра асфальтаваную дарогу! Жаданая падзея здарылася напрыканцы мінулага стагоддзя. На жаль, не ўсе землякі беражліва ставяцца да гэтага атрыбута цывілізацыі: парушаюць асфальтавае пакрыццё, калі робяць адводы ад газа- ці водаправода, і потым не надта стараюцца аднавіць яго. Неяк нязвыкла гэта для Кастрычніцкай, якая заўжды славілася дбайнымі гаспадарамі…
Некалі, лічы, праз дом на вуліцы стаялі лаўкі. У будныя дні не да пасядзелак, затое ў нядзелю на лаўках не было свабоднага месца. Суседзі збіраліся абмеркаваць падзеі ў горадзе, краіне, свеце. А вечарам гэтыя ж лавачкі займала моладзь.
На вуліцы заўжды мірна, дружна жылі праваслаўныя, католікі, мусульмане, на свае святы частавалі адзін аднаго. Дзеці хадзілі на Каляды шчадрыкаваць, а валачонае атрымлівалі і на праваслаўны, і на каталіцкі Вялікдзень.
Ёсць у Малой Лотвы свая трагічная старонка, звязаная з фашысцкай акупацыяй. Да Вялікай Айчыннай вайны ў Ляхавічах пражывала каля чатырох тысяч яўрэяў. У ліпені 1941 года фашысты перасялілі ўсіх яўрэяў у раён сінагогі (цяперашняя тэрыторыя кансервавага завода). Першыя масавыя расстрэлы адбыліся восенню 1941 года, а вясной 1942 года гета наогул было знішчана, людзей вывелі за горад і расстралялі. Мой дзед расказваў, як па цяперашняй Кастрычніцкай гналі знясіленых, замучаных жанчын, дзяцей, старых. Лотаўцы спрабавалі цішком з рызыкай для ўласнага жыцця перадаць ім хлеба ці варанай бульбы, камусьці ўдавалася. А пазней за вёскай пачуліся стрэлы… Па некаторых даных, у кар’еры свой апошні прытулак знайшлі больш за 4700 яўрэяў. Цяпер на гэтым месцы брацкая магіла і помнік, устаноўлены ў 1993 годзе.
А вёска Малая Лотва была вызвалена ад фашыстаў савецкімі воінамі ў другой палове дня
6 ліпеня 1944 года.
Вуліца Кастрычніцкая беражліва захоўвае традыцыі, што перадаюцца з пакалення ў пакаленне, як і сотні гісторый пра тых, для каго гэтыя мясціны назаўжды сталі самым дарагім сэрцу куточкам. Кожны з іх час ад часу з усмешкай называе сябе лотаўцам. Я таксама лотаўка, чым ганаруся.

Галіна КАНЬКО.

Жыхары вуліцы Кастрычніцкай (60-я гады мінулага стагоддзя). Фота з сямейнага архіва Валянціны Юрлевіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *