Космас блізка
XXXI Міжнародны кангрэс Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў праходзіць у Мінску. Яго тэма – «Мы ствараем касмічную будучыню». У кангрэсе прымаюць удзел больш за 80 касманаўтаў з 17 краін, а таксама вучоныя, прадстаўнікі беларускіх ВНУ, прадпрыемстваў.
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 10 верасня прыняў удзел у цырымоніі адкрыцця кангрэса.
Прэзідэнт адзначыў, што сёння ў свеце налічваецца амаль 90 касмічных дзяржаў, сярод якіх і наша Беларусь. 565 чалавек прынялі ўдзел у палётах. Ветэраны арбітальных палётаў Пётр Клімук і Уладзімір Кавалёнак, удзельнік апошніх экспедыцый на Міжнароднай касмічнай станцыі Алег Навіцкі родам з Беларусі. Беларускія карані і ў касманаўта Алега Арцем’ева, які цяпер знаходзіцца на арбітальнай станцыі.
Прэзідэнт назваў МКС узорам выбудоўвання партнёрскіх і дзелавых адносін паміж краінамі. Запуск першага модуля МКС адбыўся 20 гадоў назад. Ужо тады ў распрацоўцы і зборцы станцыі ўдзельнічалі 15 краін, цяпер яе магчымасці выкарыстоўваюць у сваіх мэтах 100 дзяржаў. На яе борце паспяхова і плённа працуюць прадстаўнікі розных нацыянальнасцей.
Беларусь гатова да дыялогу і актыўнага ўдзелу ў мірных праектах па даследаванні космасу, сказаў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт падкрэсліў важнасць накіравання ўсіх дасягненняў і набытых у касмічнай галіне ведаў на карысць людзей: на вырашэнне праблем экалогіі, папярэджанне надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару, на забеспячэнне харчовай бяспекі і рацыянальнага землекарыстання, на захаванне прыродных рэсурсаў і біялагічнай разнастайнасці, на вывучэнне незямной прасторы выключна ў мірных мэтах.
«Каму як не вам, удзельнікам касмічных экспедыцый, ведаць, што толькі з лініі арбіты можна ўбачыць, якая маленькая наша планета ў маштабах Сусвету. Толькі зірнуўшы ў ілюмінатар, можна ўсвядоміць, што яна наш агульны дом, клопат аб якім – на плячах усёй сучаснай цывілізацыі, кожнага чалавека. Там, на вышыні соцень кіламетраў, асабліва зразумела, што мы ўсе дзеці Зямлі, адна сям’я, і мы ўсе ў адказе за будучыню гэтага лапіка Сусвету», – рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.
Экіпаж Міжнароднай касмічнай станцыі з арбіты Зямлі вітаў удзельнікаў і гасцей.
Форум прадоўжыцца да 15 верасня. На кангрэсе будуць абмяркоўвацца развіццё касмічных даследаванняў у свеце, роля Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў у развіцці пілатуемай касманаўтыкі, уклад Беларусі ў асваенне касмічнай прасторы.
Па матэрыялах БЕЛТА.
Фота БЕЛТА.