Ляхавічы: валейбол у пляжным інтэр’еры
Пясок, сонца, вада, неверагодныя адрэналін і азарт, рамантыка – усё гэта спадарожнікі пляжнага валейбола. Такая папулярная гульня не недзе там далёка, ля мора, а побач. І хоць купальны сезон завершаны, але ў мінулую суботу ў зоне адпачынку на беразе Ведзьмы ў райцэнтры было шматлюдна.
Прыбярэжная паласа ператварылася ў спартыўную пляцоўку, дзе на працягу некалькіх гадзін праходзілі спартыўныя баталіі: упершыню ў нашым раёне стартаваў турнір па пляжным валейболе. Ужо той факт, што заяўку на ўдзел падалі 9 каманд (дзве – з РАНС, таксама з ААТ «Жарабковічы», Свяціцкага фізкультурна-аздараўленчага комплексу, лясгаса, камунгаса, райбальніцы, торфабрыкетнага завода, СДЮШАР), сведчыў: турнір зацікавіў аматараў здаровага адпачынку на свежым паветры. Арганізатарам спаборніцтва выступіў Ляхавіцкі фізкультурна-спартыўны клуб.
У захапляльнай і ўпартай барацьбе першыя два месцы занялі пажарныя-выратавальнікі: Сяргей Новік і Вадзім Царык (у камандзе па пляжным валейболе ўсяго два ігракі), Андрэй Крываруцкі і Ігар Русакевіч. Трэцяе прызавое месца ў Сяргея Новіка і Рамана Свінабуркі з «Жарабковічаў».
Спартыўны гонар райбальніцы адстойвалі прадстаўніцы прыгожай паловы Валянціна Стамікава і Наталля Лешык. Па словах старшыні ФСК Генадзія Новіка, дзяўчаты выступілі добра, як і ўсе ўдзельнікі турніру.
Пераможцы і прызёры ўзнагароджаны падарункамі, падрыхтаванымі райкамам БРСМ. Галоўны прыз – добры настрой, ён быў і ў каманд, і ў балельшчыкаў. Спадзяёмся, што турнір стане на Ляхавіччыне традыцыйным і ў наступным годзе пройдзе летам у купальны сезон, як і належыць.
ФАКТ
Пляжны валейбол бярэ свой пачатак у 20-х гадах мінулага стагоддзя. Цяпер праводзяцца чэмпіянаты свету па пляжным валейболе, і нават на алімпіядах ёсць турніры па ім. У нашай краіне штогод праходзіць Кубак Беларусі. Хто ведае, магчыма праз нейкі час сярод каманд, што прымаюць у ім удзел, убачым і прадстаўнікоў Ляхавіцкага раёна. Чаму б і не?
Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.