Кнігаварот на вуліцы Гагарына
А вы бывалі ў бібліякафэ? І ці даводзілася вам складваць …кніжны канструктар? Удзельнікі акцыі ў падтрымку кнігі і чытання «Кнігаварот на вуліцы Гагарына» і на першае, і на другое пытанне адкажуць станоўча.
Прайсці міма гэтай падзеі і не прыпыніцца было проста не рэальна. Напярэдадні свайго прафесійнага свята – Дня бібліятэк – супрацоўнікі цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы раёна стварылі сапраўдную казку для сваіх землякоў. У мінулую пятніцу перад раённай купалаўкай разгарнулася кніжнае царства. У кожным яго куточку можна было знайсці мноства цікавага і займальнага. «Чытаючая» лавачка» стала месцам прыцягнення дашкалят, а інтэлектуальная гульня «Блеф-клуб» прыцягнула ўвагу дарослых аматараў кнігі. У бібліякафэ, як і належыць, «падавалі» нацыянальную кухню – кнігі Коласа, Мележа, Шамякіна. На гарачае – дэтэктывы і фантастыка, да кавы – «Пунсовыя ветразі» Грына…
Захапленне (і не толькі дзіцячае) выклікала ўгадай-шоу «Жывая кніга»: па вуліцы хадзілі Ліса Аліса і Кот Базіліа, Мальвіна і Нязнайка, Шапакляк і Карлсан, Салоха і Бандароўна, Баба Яга і іншыя кніжныя героі, ролю якіх прымералі на сябе бібліятэкары.
Любы жадаючы мог паспытаць свае сілы ў інтэрактыўнай прапанове «Бібліятэкар на гадзіну». Дарэчы, такой магчымасцю з задавальненнем скарысталіся бээрэсэмаўцы, якія не толькі актыўна дапамагалі бібліятэкарам агітаваць за кнігу, але самі паспрабавалі падбіраць чытачам патрэбную літаратуру, запаўняць фармуляры і г.д.
Яшчэ былі краязнаўчая віктарына «Кропка на карце», майстар-клас па вырабе цудоўных сувеніраў з газетнай паперы, бяспройгрышная латарэя і фотазона, зрабіць здымак у якой палічылі абавязковым многія ўдзельнікі «кнігавароту». А іх – удзельнікаў – было, дарэчы, зусім нямала: акрамя дашкалят – гарадскія пачаткоўцы і старшакласнікі, падапечныя цэнтра дзённага знаходжання для інвалідаў, звычайныя прахожыя і прадстаўнікі аддзелаў і ўпраўленняў райвыканкама, якія прыйшлі, што называецца, па службовай патрэбе, а засталіся з вялікім жаданнем, цудоўным настроем і важкім голасам у падтрымку чытання.
Святлана БЕЛЬМАЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.