Педагогі сталі турыстамі
Напрыканцы мінулага тыдня лес каля Мінічаў напоўніўся галасамі, гукамі гітары і водарам кастра – на свой першы турыстычны злёт сабраліся работнікі ўстаноў адукацыі раёна – 13 каманд.
Начальнік аддзела па адукацыі Святлана Якубоўская пажадала калегам цікавага адпачынку і станоўчых эмоцый. І вось старт дадзены. На маршруце педагогаў чакала мноства перашкод, усе без выключэння
каманды прадэманстравалі добрыя навыкі і дастойна прайшлі этапы. Але спаборніцтвы ёсць спаборніцтвы. Турэстафета лепш удалася камандзе гімназіі, а ўладкаваць бівуак – дружыне з Падлескага вучэбна-педагагічнага комплексу. У веласіпедных гонках роўных не было турыстам з Крывошынскай СШ. Песняй пакарылі журы і сапернікаў педагогі зноў жа Падлескай школы. Аказваецца, што і ў настаўніцкай сям’і ёсць выдатныя повары, прыгатаванне ежы – фішка конькаўскіх турыстаў.
Агульнакаманднае першынство за педагогамі Малагарадзішчанскага ВПК, на другім і трэцім месцах адпаведна Падлескі ВПК і Крывошынская СШ.
Святлана БЯЛЕЦКАЯ,
старшыня райкама прафсаюза
работнікаў адукацыі і навукі.