Ад званка да званка. На прамой лініі «ЛВ» працавала начальнік аддзела па адукацыі Ляхавіцкага райвыканкама
Адукацыя, выхаванне, школьныя новаўвядзенні, работа навучальных устаноў – гэтыя пытанні хвалююць многіх жыхароў нашага раёна, што пацвердзіла немалая колькасць зваротаў на прамую лінію «ЛВ», на якой працавала начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Святлана ЯКУБОЎСКАЯ.
– Добры дзень, Святлана Канстанцінаўна, скажыце, калі ласка, ці будуць у гэтым навучальным годзе ў школах працаваць інавацыйныя пляцоўкі?
Алена Сцяпанаўна, г. Ляхавічы.
– Безумоўна, інавацыйны працэс не толькі ў школах, але і дзіцячых садках будзе прадаўжацца – гэта патрабаванне часу, неабходнасць сучаснай сістэмы адукацыі. Гімназія па-ранейшаму працуе на платформе прафарыентацыі, Крывошынская СШ надае вялікую ўвагу рабоце з адоранымі дзецьмі, у Жарабковіцкай СШ ухіл на эканамічную адукацыю.
СШ № 2, якая мае станоўчы вопыт работы на інавацыйных пляцоўках, сёлета распачала праект па патрыятычным выхаванні ў пачатковых класах.
А некалькі гадоў запар тут дзейнічаў педагагічны клас. Каля 20 выпускнікоў школы сталі студэнтамі педагагічных ВНУ.
Прыжылася і тэатральная інава-цыя: выхаванцам і супрацоўнікам дзіцячага сада № 3 настолькі спадабалася роля артыстаў, што і пасля заканчэння праекта яны прадаўжаюць ставіць спектаклі.
– Кожны год на работу ў школу прыходзяць выпускнікі каледжаў і ўнівер-сітэтаў. Як яны ўладкоўваюцца на першым працоўным месцы і ці надоўга застаюцца ў нашым раёне?
Аляксандр БАГДАНОВІЧ, г. Ляхавічы.
– Стараемся прыкласці ўсе намаганні, каб маладыя спецыялісты, а сёлета іх прыйшло 17, як мага хутчэй адаптаваліся на першым працоўным месцы і не расчараваліся ў выбранай прафесіі. За кожным навічком замацоўваем вопытнага настаўніка, які курыруе яго: дапамагае ў падрыхтоўцы ўрокаў, пазакласных мерапрыемстваў, дзеліцца напрацоўкамі. Дарэчы, такое шэфства выгадна для куратара матэрыяльна, ён атрымлівае штомесячную даплату.
Ёсць у нас і школа маладога настаўніка. Таксама штогод у маі арганізоўваем раённы конкурс «Педагагічны дэбют», у якім удзельнічаюць педагогі-першагодкі і іх настаўнікі.
Ствараем дастойныя ўмовы для работы маладых спецыялістаў, вырашаем, дзякуючы раённай уладзе, і жыллёвае пытанне. Арэнднае жыллё, напрыклад, ужо атрымалі некалькі нашых педагогаў.
60 працэнтаў выпускнікоў педагагічных навучальных устаноў, размеркаваных у Ляхавіцкі раён, застаюцца сеяць разумнае, добрае, вечнае пасля прадугледжанай заканадаўствам адпрацоўкі.
– У нашай школе з-за недахопу дзяцей сёлета няма адзінаццатага класа. Чуў, што такая сітуацыя не толькі ў нас. Ці азначае гэта, што прадоўжыцца працэс аптымізацыі ўстаноў адукацыі?
Міхаіл ПЯТРОВІЧ, аг. Дарава.
– Сапраўды, адзінаццатага і дзясятага класа сёлета няма ў Дараўскім ВПК, а дзясятага – у Тальмінавіцкай, Тухавіцкай СШ, Малагарадзішчанскім ВПК, Дараўскім ВПК. Адпаведна, у наступным навучальным годзе тут не будзе адзінаццатых класаў.
Увогуле, у 2018/2019 навучальным годзе ў школы раёна прыйшлі 2760 вучняў, на 60 менш, чым у мінулым. Мінус дапушчаны ва ўсіх сельскіх школах за выключэннем Жарабковіцкай і Начаўскай. З 2019 года ўводзіцца нарматыўнае фінансаванне на кожнага вучня. Безумоўна, пры скарачэнні колькасці школьнікаў будуць аптымізавацца ўстановы адукацыі. Якія? Пра гэта пакуль гаварыць рана. Усяго ў раёне восем класаў, дзе вучацца ад аднаго да трох дзяцей. Самыя вялікія па колькасці вучняў гарадскія школы: СШ № 2 – 660, СШ № 1 – 606, гімназія – 552. Сярод сельскіх больш за 100 вучняў у Жарабковіцкай, Ліпскай, Начаўскай СШ.
– Як наладжаны падвоз вучняў у школы? Пытанне ад «ЛВ».
– У нашым раёне падвоз арганізаваны для больш як 700 дзяцей з 74 населеных пунктаў. Дастаўляем школьнікаў у навучаль-ныя ўстановы транспартам аддзела – 19-цю аўтобусамі. Па меры неабходнасці абнаўляем аўтапарк.
– Тэлефаную з Ляхавічаў. Мяне цікавіць, што робяць педагогі, каб заняць школьнікаў чымсьці карысным пасля ўрокаў, а то іх ад розных гаджэтаў не адарваць. Бачу гэта на прыкладзе сваіх унукаў.
Валянціна Сяргееўна.
– Сучасныя дзеці і сапраўды захоп-лены камп’ютарамі, смартфонамі, цяпер гэта кола іх інтарэсаў. Але ў нас атрымліваецца зацікавіць іх і творчасцю, і спортам. Цесна ўзаемадзейнічаем з установамі культуры і спартыўнымі. Дзеці танцуюць, спяваюць, майструюць, умацоўваюць здароўе. І, бадай, галоўнае – маюць не віртуальныя, а рэальныя стасункі з равеснікамі.
Падтрымку ў выхаваўчым пла-не настаўнікі атрымліваюць ад педагогаў ЦДАДіМ, якія на занятках гурткоў развіваюць таленты юных.
Спадзяёмся на плённае супра-цоўніцтва з актывістамі БРСМ, БРПА. Папулярны сярод ляхавіцкіх школьнікаў і валанцёрскі рух. Актыўна дзейнічаюць пярвічкі раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа ў гімназіі і СШ № 2.
Спынюся і на так званым шостым школьным дні. У гэтым навучальным годзе вярнулася практыка вучэбна-працоўных камбінатаў. Праўда, у больш сучасным выглядзе. Дзесяцікласнікі, якія не выбралі сабе профільнае навучанне, а такіх аказалася 64 з гарадскіх і сельскіх школ, на працягу двух гадоў будуць атрымліваць прафесію садавода ці агароднінавода на базе ЛДАКа. Заняткі праводзяцца па суботах па шэсць гадзін. Такім чынам, пасля заканчэння сярэдняй школы выпускнікі ўжо будуць мець спецыяльнасць, прычым, досыць запатрабаваную.
– Святлана Канстанцінаўна, ці ўкамплектаваны кадрамі школьныя харчаблокі?
Вольга, аг. Навасёлкі.
– Калі раней такая праблема і сапраўды існавала, то сёлета мы яе вырашылі. На ўсіх харчаблоках працуе неабходная колькасць повараў і кухонных рабочых.
– Мяне, маці дваіх школьнікаў, цікавіць, наколькі часта для прыгатавання ежы ў школьных сталоўках
выкарыстоўваюць паўфабрыкаты?
Марына, г. Ляхавічы.
– Хачу супакоіць вас, Марына, і іншых бацькоў. Для прыгатавання страў паўфабрыкаты не выкарыстоўваюцца. Повары гатуюць самі. Закупляем неабходную прадукцыю на прадпрыемствах Ляхавіцкага (хлеб і хлебабулачныя вырабы, агародніна – райпо, малочныя прадукты – малочны завод), Баранавіцкага (бакалея, мяса птушкі – птушкафабрыка «Дружба»), Бярозаўскага (мясныя вырабы) раёнаў. Па магчымасці імкнёмся нарыхтоўваць агародніну ў сельгаспрадпрыемствах. Настаўнікі працуюць на ўборцы бульбы, яблыкаў. Усё гэта істотна патанняе кошт харчавання.
Усе школьнікі ахоплены гарачым харчаваннем. Вучні сельскіх школ харчуюцца бясплатна. У гарадскіх школах дзецям з малазабяспечаных, мнагадзетных сем’яў прадугледжаны разнастайныя льготы. Да прыкладу прывяду цэны на розныя віды харчавання: аднаразовае – у сярэднім 1,40 рубля, двухразовае – 2,20 рубля, трохразовае – 2,70 рубля. За месяц бацькі на абеды аднаго школьніка з сямейнага кашалька плацяць прыкладна 35 рублёў. Скажу, што кормяць дзяцей добра, а кантроль за харчаваннем надзвычай жорсткі.
На прамой лініі працавала Галіна КАНЬКО.