Першая кніга дзяцінства
Як цяпер, памятаю той дзень, калі 5-гадовай дзяўчынкай упершыню пераступіла парог дзіцячай бібліятэкі, куды мяне прывяла старэйшая сяброўка. З таго часу на працягу ўсіх гадоў вучобы ў школе, з задавальненнем і радасцю спяшалася сюды і за новымі кнігамі, і каб пасядзець у цішыні невялікай чытальнай залы і пагартаць часопісы, у якіх столькі было новага і цікавага.
Маленькім і не вельмі аматарам чытання тут заўсёды было ўтульна, запамінальна і добра, бо тутэйшыя бібліятэкары, якія ведалі схільнасці кожнага чытача, заўсёды раілі, што пачытаць і нават апераджалі пытаннем: «Сёння возьмеш што-небудзь з Аркадзія Гайдара, пачытаеш расказы Марка Твэна або аповесць Янкі Маўра?». Як першай настаўніцы, юныя чытачы давяралі бібліятэкарам Вользе Сакаловай, Таццяне Бурак, Галіне Навагран, якія разумелі, дапамагалі і раілі.
З якой радасцю бралі ў рукі кнігу, якую, у поўным сэнсе гэтага слова, да дзірак зачыталі папярэднія аматары, акуналіся ў цудоўны свет прыгод і цікавых гісторый. Без перабольшвання, кніга для хлопчыкаў і дзяўчынак другой паловы мінулага стагоддзя — была сапраўдным правадніком у свет, яна раскрывала багатыя старонкі гісторыі нашай краіны, дзякуючы ёй падарожнічалі па кантынентах, знаёміліся з жыццём сваіх замежных равеснікаў, спасцігалі наваколле, вучыліся.
Ішоў час, мянялася жыццё, а з ім і прыярытэты ў выбары аўтараў кніг, на змену адным чытачам прыходзілі іншыя пакаленні. Але па-ранейшаму, дзіцячая бібліятэка застаецца тым культурным месцам, куды з задавальненнем і радасцю ў пошуках адказаў на хвалюючыя пытанні спяшаюцца сённяшнія хлопчыкі і дзяўчынкі.
Яшчэ няма і двух гадоў, як дзіцячая бібліятэка ў Ляхавічах пасля нядоўгага перапынку вярнулася на сваё пастаяннае месца жыхарства, праўда, у рэканструяваны, адноўлены будынак. І зноў сюды не зачыняюцца дзверы, нягледзячы на тое, што ў жыццё трывала ўвайшлі камп’ютарныя кнігі, інтэрнэт — рабяты ўсё роўна спяшаюцца ў кніжны храм — бібліятэку. На сённяшні дзень дзіцячая бібліятэка ў Ляхавічах валодае сапраўдным багаццем — у фондах 39 тысяч экзэмпляраў кніг (мастацкая і галіновая літаратура) розных гадоў выпуску. Ёсць і сапраўдныя старажылы, якія сталі гісторыяй, — творы Купалы, Коласа, Тургенева, Талстога, Чэхава, выпушчаныя выдавецтвамі ў 40-х гадах мінулага стагоддзя.
«Безумоўна, мы рады, што можам адкрыць рабятам цудоўны свет яе вялікасці кнігі, пазнаёміць з класікамі айчыннай і замежнай літаратуры і з сучаснымі аўтарамі, таму з задавальненнем прымаем і кніжныя навінкі, і дзіцячую літаратуру, якую нам у дар перадаюць ляхавічане. За што асаблівы дзякуй Уладзіміру Саладуху, Раісе Зелянеўскай, Ігару Лобану», — расказвае бібліятэкар Галіна Навагран, якая 40 гадоў працуе менавіта ў дзіцячай бібліятэцы. За дапамогай у набыцці новай літаратуры супрацоўнікі бібліятэкі звяртаюцца ў арганізацыі і на прадпрыемствы. Пакуль спонсарскую дапамогу аказалі толькі ПМК-13, ТАА «Трансэлектракамплект», прадпрымальнік Валерый Радзюк.
Цяпер у бібліятэцы каля 2400 абанентаў, якія прыходзяць за чарговай кнігай, або пазнаёміцца з газетнымі і часопіснымі навінкамі ў чытальнай зале. Падчас навучальнага года за дзень у бібліятэцы бывае да 100 чалавек, летам крыху менш. «Самая маленькая наша чытачка 4-гадовая Марта Савінец. Асноўны ўзрост наведвальнікаў з 6 да 14 гадоў. Аднак, часта прыходзяць і вучні выпускных класаў і нават навучэнцы Ляха-віцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа. У нас шмат не толькі мастацкай літаратуры, але і спецыяльнай для падрыхтоўкі рэфератаў, кантрольных работ, тэстаў. Цікавяцца рабяты і краязнаўчымі, і гістарычнымі матэрыяламі», — расказвае Галіна Навагран.
Насця Шэўчык, Каця Дубоўская, Света Пішч, Яна Богуш, Ілья, Надзя, Саша Грышкевічы, Карына Лагун, Даша Баўтрукевіч, Арцём Грынялевіч — найбольш актыўныя чытачы. Абавязкова кожную нядзелю, нягледзячы на надвор’е, прыходзяць за новымі кнігамі разам з мамай 6-гадовая Дарына і 4-класнік Улад Чаркасы.
Цікава і змястоўна ў бібліятэцы арганізаваны, таму і запатрабаваны выставы: «Красуй, адраджайся, жыві, мой край» (тут усё пра Ляхавіччыну і Брэстчыну) , «Звярні ўвагу», «Каб душу акрыляў духоўны свет» і інш. Традыцыйнымі сталі і шматлікія конкурсы, якія арганізоўваюцца ў бібліятэцы. Зараз, напрыклад, праходзіць конкурс » Час чытаць». Папулярныя і камп’ютарныя гульні.
Сярод старшакласнікаў найбольшай папулярнасцю карыстаюцца часопісы «Апельсін», «Стрекоза», «Рюкзак», «Юны тэхнік-вынаходнік». А больш малодшыя аддаюць перавагу — «Прастаквашына», » Филя», «Рюкзачок», «Тошка і кампанія». Яшчэ адна знакамітасць бібліятэкі — лялечны тэатр «Малышок», якім кіруе Джульета Аўсепян. Са шматлікімі пастаноўкамі юныя артысты выступаюць не толькі непасрэдна ў бібліятэцы, але і на разнастайных мерапрыемствах.
Заўсёды рады наведвальнікам дружны і прафесійны калектыў бібліятэкараў на чале з намеснікам дырэктара цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Нінай Юруць. З дня ў дзень ветліва сустракаюць чытачоў бібліятэкары Галіна Навагран, Джульета Аўсепян, Галіна Шыпіла, Міхаіл Лучыц.
Галіна КАНЬКО