Дыпламатыя памяці. На плошчы Перамогі ў Ляхавічах прайшоў мітынг па ўвекавечванні памяці лейтэнанта Смаіла Абдрахімава /фота і видэа/

 

«Я шукаў цябе, дзед. Я знайшоў цябе, дзед…». І ў думках, і ўголас ён паўтараў гэтыя словы. Ён – Эркінжан Абдрахімаў, грамадзянін Рэспублікі Казахстан, унук загінуўшага пры вызваленні нашага раёна ад фашысцкіх захопнікаў байца Савецкай Арміі. Камандзір узвода 130 стралковага палка   44 стралковай дывізіі лейтэнант Смаіл Абдрахімаў загінуў
6 чэрвеня 1944 года ў раёне вёскі Кавалі. Ён быў адзін з многіх, чыё жыццё абарвала тады фашысцкая куля. Потым астанкі герояў перапахавалі ў брацкую магілу ў Ляхавічах.

Прозвішчы загінуўшых радавых байцоў вызначалі па іх асабістых медальёнах. У афіцэраў такіх медальёнаў не было, таму лёс лейтэнанта Смаіла Абдрахімава доўгі час заставаўся невядомым. А яго шукалі і шукалі, не знаходзілі – і зноў шукалі родныя. Унук героя расказаў шчымлівую гісторыю, якая кранае душу. Уявіце, у далёкім Казахстане сёння жыве дзевяностадвухгадовая жанчына, якая не дачакалася з вайны трох сваіх братоў. Дзе пахаваны адзін з іх, знайшлі трохі раней: у Польшчы. Пра двух іншых даведацца нічога доўгі час не маглі. І вось літаральна гэтым летам…

 

Ваенны аташэ Пасольства Рэспублікі Казахстан палкоўнік Мухан Жасузакаў, саветнік Пасольства Берык Ашамбаеў, другі сакратар Пасольства Талгат Рыскелдыеў, віцэ-консул Ганаровага консульства Рэспублікі Казахстан у нашай краіне Сауле Алімкулава палічылі святым абавязкам прыехаць разам з унукам загінуўшага героя на Ляхавіччыну, каб пакланіцца зямлі, за якую іх суайчыннік праліў сваю кроў і якая стала яго апошнім прытулкам.
На плошчы Перамогі нашага горада мітынг па ўвекавечванні памяці лейтэнанта Смаіла Абдрахімава быў пранізліва шчымлівым. Старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Камінскі гаварыў пра подзвіг і пра памяць, якую належыць захоўваць і перадаваць з пакалення ў пакаленне, пра тое, што пошук загінуўшых герояў працягваецца, што дзякуючы настойлівасці нашчадкаў лейтэнанта з Казахстана на мармуровай пліце брацкай магілы ў Ляхавічах з’явілася яшчэ адно прозвішча, дагэтуль невядомае, што галоўная каштоўнасць для людзей – мір.
На мітынгу не было раўнадушных, і слёзы ў вачах многіх блішчэлі не ад  ветру. Эркінжан Абдрахімаў дзякаваў усім, хто дапамог у пошуку. Без абагуленага банка даных «Мемарыял», створанага па ініцыятыве Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі ў 2007 годзе, мусіць, нічога не атрымалася б, як і без  удзелу супрацоўнікаў Пасольства Рэспублікі Казахстан у нашай краіне, без стасункаў з Міністэрствам абароны, кіраўніцтвам Ляхавіцкага раёна, без наладжанай сувязі з тутэйшай гімназіяй, без шчырай зацікаўленасці і бязмернага жадання абодвух бакоў.
І вось 4 кастрычніка 2018 года, праз 74 гады і 4 месяцы пасля бою, што спыніў маладое жыццё камандзіра ўзвода, сённяшнія абаронцы Радзімы салютавалі ў гонар памяці героя Вялікай Айчыннай. Сэрца кранала высокая мова мінуты маўчання. Дзякуй табе, лейтэнант Абдрахімаў, за мірнае неба, за ціхія світанкі на нашай зямлі. Ты назаўсёды застаўся дваццацітрохгадовым… Такім глядзіць і з фотаздымка ў экспазіцыі музея  СШ № 2, дзе пабывалі землякі героя.
Казахстанскія госці не хавалі сваёй удзячнасці, захаплення дружалюбнасцю, добразычлівасцю беларусаў, жадалі міру, шчасця, радасці.
На развітанне Эркінжан Абдрахімаў сказаў, што яго сям’я пошук не закончыла: як высветлілася, яшчэ адзін дзед-франтавік – родны брат Смаіла –  таксама загінуў у баях з фашыстамі на беларускай зямлі…
Вольга БАРАДЗІНА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА  і Маргарыты КУХТА.

Дзед Эркінжана Абдрахімава Смаіл Абдрахімаў назаўсёды застаўся дваццацітрохгадовым.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *