Скрыпічны ключ з правам перадачы. У Ляхавіцкай дзіцячай школе мастацтваў юных землякоў вучаць бачыць, разумець і ствараць прыгожае
Захапляльна, музычна, прыгожа! Кожны канцэрт дзіцячай школы мастацтваў выклікае яркія эмоцыі. Нават традыцыйныя выступленні з нагоды заканчэння чарговага навучальнага года ператвараюцца ў грандыёзнае свята, якое адзначаюць не толькі вучні і настаўнікі, мамы-таты, бабулі-дзядулі, але і многія мясцовыя аматары мастацтва. Трымаюць экзамен рабяты – хвалююцца настаўнікі, дэманструюць майстар-клас педагогі – вучні заміраюць, здымаюць відэа, каб затым пераглядаць і вучыцца.
…Верасень… студзень… май… Па вуліцы Камсамольскай у школу мастацтваў спяшаюцца хлопчыкі і дзяўчынкі – хто з музычным інструментам, хто з танцавальнай амуніцыяй, іншыя з фарбамі і альбомамі.
– Сёлета ў школе на трох аддзяленнях займаецца 461 вучань, больш за паўсотні рабят наведваюць студыю «Сузор’е». Філіялы школы мастацтваў працуюць у аграгарадках Конькі, Тальмінавічы, Дарава, – адзначае дырэктар ДШМ Уладзімір Крук. – Разумеем, што не ўсе з нашых выхаванцаў стануць музыкантамі ці танцорамі, дасягнуць вялікай сцэны, але мастацтва развівае, дысцыплінуе, надае ўпэўненасці і асобаснага росту.
Каля залы, дзе прапісаны танцоры, гучыць вясёлая мелодыя. Кліча кадрыля. Але проста патаптацца – адно, а выканаць рухі так, каб яны склаліся ў выразную кампазіцыю, – гэта ўжо іншая размова. Прыходзяць на заняткі харэаграфічнага аддзялення многія, а застаюцца самыя-самыя. Малады спецыяліст Вольга Буймістр некалі тут спасцігала танцавальныя «па», а сёння ўжо сама вучыць рабят грацыёзнасці.
Загадчыца аддзялення Таццяна Яўсей падкрэслівае, што ўсе яе калегі – прафесіяналы, а выхаванцы ўпрыгожваюць танцамі раённыя мерапрыемствы і ў іх цудоўна атрымліваюцца класічныя, народныя, бальныя, сучасныя танцы.
Заняткі на музычным аддзяленні праходзяць у фармаце тэт-а-тэт – настаўнік-вучань, і выдатнікаў тут працэнтаў 60.
Аб’ектаў навучання – інструментаў – па душы і жаданні: акардэон, баян, цымбалы, домра, скрыпка, гітара, труба, кларнет, саксафон, фартэпіяна. Кожны з педагогаў – асоба, талент. Якаў Мурзіч, Людміла Жукава, Святлана Мініч, Ірына Клімашэўская, Алена Тумаш, Аліна Болтуць (працуе ў Конькаўскім філіяле ДШМ) і многія іншыя далі пуцёўку ў свет мастацтва сваім выхаванцам.
Камфортна ў школе і маладым спецыялістам. Гэта адзначаюць настаўніца па класе фартэпіяна Пелагея Кулікова (выпускніца ДШМ) і настаўнік па класе баяна Антон Бусько (Конькаўскі філіял).
Педагогі гэтай установы – людзі творчыя і надзвычай актыўныя, заняткі мастацтвам ператвараюць у радасць. Сваім энтузіязмам зараджаюць вучняў, з задавальненнем выступаюць перад гледачамі, аб’ядноўваюцца ў творчыя калектывы. Ляхавічане і не толькі заўсёды цёпла вітаюць выступленні народнага ансамбля народных інструментаў «Водар» (кіраўнік Ларыса Муралава) і інструментальнага Джаз-Арт (кіраўнік Барыс Шабановіч), іншых.
Алеся Планіна, Вольга Гатоўчыц і Анастасія Коктыш – настаўнікі выяўленчага аддзялення, а ў мінулым яго выхаванцы. Сюды ж яны вярнуліся на працу дыпламаванымі спецыялістамі. Што малююць рабяты? Людзей, пейзаж, нацюрморт… настрой, малую радзіму, дарагія сэрцу краявіды. Вы бачылі, з якім натхненнем дзеці выказваюць на паперы свае эмоцыі, фантазіі, мары? У іх шчаслівыя твары, рука ўпэўнена робіць сонечныя мазкі фарбамі, а штрыхі алоўкам злучаюцца ў карціну.
Асобна пра студыю «Сузор’е». Наведваюць яе і чатырохгадовыя дзеці, і дарослыя. Хтосьці вучыцца танцаваць, іншы іграць на музычным інструменце, трэці – маляваць, чацвёртаму патрэбна падрыхтоўка да паступлення ў спецыялізаваную навучальную ўстанову. Напрыклад, адна з навучэнак студыі пячэ тарты. Каб яны атрымліваліся эфектнымі, каб іх упрыгожваць, вырашыла навучыцца маляваць. Яшчэ адна зямлячка захацела ўразіць сяброў ігрой на гітары, але тэарэтычныя веды лічыць для сябе лішнімі: у «Сузор’і» ў аснове навучання – практычныя ўменні. Паслугі гэтыя аказваюцца на платнай аснове.
Гонар за сваіх
Жыццё ў школе насычанае. Не замыкаюцца педагогі на навучальным працэсе, карпатліва прывіваюць светлае, узнёслае. Акрамя справаздачных канцэртаў, ладзяць шыкоўныя выпускныя, бацькоўскія сходы, прэзентуюць свае таленты адметна. Зараз рыхтуюцца да чарговага фестывалю дзіцячай творчасці. Мастацкі марафон тут бесперапынны. Перамогі ў разнастайных конкурсах – таксама традыцыйная заканамернасць. З нядаўніх – хор «Сярэбраны камертон» (кіраўнік Алена Равінская) заваяваў дыплом 1 ступені на рэспубліканскім фестывалі польскай культуры, дыплом 2 ступені на міжрэгіянальным свяце-конкурсе інструментальнай музыкі «Музычны калейдаскоп» дзіцячы духавы аркестр «Спадарожнік» (кіраўнік Барыс Шабановіч), сертыфікаты выстаўкі творчых дасягненняў навучэнцаў дзіцячых школ мастацтваў Беларусі, дыплом 2 ступені і кубкі міжнароднага фестывалю харэаграфічнага мастацтва ў рабят з танцавальнага калектыву «Сюрпрыз» (кіраўнік Алеся Груша)…
Андрэй Асімовіч – саліст-вакаліст Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музтэатра, Дзіма Лабейка першакурснік Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Маюцца і свае дынастыі. Скрыпічны дуэт маці і дачкі Жанны Хмыз і Святланы Чорнай зачароўвае прыгожым выкананнем. Дачка Мікалая Шкляніка Алена Манькоўская – канцэртмайстар у яго выхаванцаў.
І яшчэ адзін штрых да школьна-мастацкага партрэта – на Галерэі славы раёна сёлета красуецца назва менавіта гэтай установы.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.