Сабраць і захаваць ураджай

Штогод на аб’ектах сельскагаспадарчай вытворчасці ў перыяд уборкі збожжавых рэзка абвастраецца становішча з пажарамі. Агонь знішчае вырашчаны ўраджай, выводзіць са строю збожжаўборачную тэхніку.
Папярэджанне ўзгаранняў збожжаўборачнай тэхнікі — адна з важных задач пажарнай прафілактыкі ў летні перыяд.
Інспекцыяй дзяржаўнага пажарнага нагляду штотыдзень праводзіцца маніторынг сельгаспрадпрыемстваў па выяўленні парушэнняў па нарыхтоўцы грубых кармоў, працы КЗС, выкананні правілаў пажарнай бяспекі. Вінаватыя асобы прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці.

У 2011 годзе на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна ў перыяд правядзення ўборачнай кампаніі зарэгістраваны 3 пажары: у СВК «Востраў-Агра», СВК «Шлях новы», «Ляхавіцкі райаграсэрвіс», прычыны — парушэнне правілаў пажарнай бяспекі.
Летняя спякота і агонь — небяспечнае спалучэнне: дастаткова іскры — і быць бядзе. Выратавальнікі нагадваюць меры пажарнай бяспекі пры эксплуатацыі камбайнаў і збожжаўборачнай тэхнікі.
Любы склад і навес для захоўвання збожжа павінен быць абсталяваны супрацьпажарным шчытом з вогнетушыцелем, рыдлёўкай, багром, вядром. Побач – скрыня з пяском і бочка з вадой.
Перад паспяваннем каласавых палі ў месцах, сумежных з ляснымі і тарфянымі масівамі, чыгункай, неабходна абкасіць паласой, шырыня якой не менш за 4 метры.
Выхлапныя трубы рухавікоў трактароў, аўтамабіляў і камбайнаў, якія задзейнічаны пры ўборцы ўраджаю, павінны быць абсталяваны спраўнымі іскрагасільнікамі.
Важна не дапускаць і своечасова ліквідаваць падцяканні паліва, масла. Забараняецца курэнне і ўжыванне адкрытага агню ў час запраўкі, пры праверцы ўзроўню паліва.
Неабходна своечасова чысціць ад саломы валы бітэраў, саломанабівальнікаў, транспарцёраў і іншыя дэталі і вузлы камбайнаў.
У месцах уборкі збожжавых культур павінна быць арганізавана дзяжурства пажарнай або прыстасаванай для мэт пажаратушэння тэхнікі. Усе работнікі, задзейнічаныя на ўборцы, абавязаны прайсці супрацьпажарны інструктаж.
Парушэнне заканадаўства аб пажарнай бяспецы караецца штрафам у памеры да 30 БВ, а юрыдычныя асобы — да 200 БВ. За парушэнне правілаў асобай, адказнай за іх выкананне, што пацягнулі ўзнікненне пажару, штраф складае ад 30 да 50 БВ.
Таццяна КАЛГУШКІНА,
інспектар РАНС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *