Мірная сіла

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 5 кастрычніка на палігоне ў Івацэвіцкім раёне азнаёміўся з магчымасцямі сучасных узораў узбраення, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі айчыннай вытворчасці. Кіраўніку дзяржавы далажылі аб баявых магчымасцях і асноўных тактыка-тэхнічных характарыстыках прадстаўленых узораў. Адбыўся таксама практычны паказ баявых магчымасцей узбраення, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі. Ён уключаў 4 эпізоды з баявым прымяненнем беспілотных лятальных апаратаў, авіяцыі, агнявых комплексаў, бранятэхнікі і процітанкавых ракетных комплексаў. Пасля агляду ўзораў зброі і тэхнікі Кіраўнік дзяржавы адказаў на пытанні журналістаў.

Стварэнне ў Беларусі ўласных новых узораў узбраення і ваеннай тэхнікі, а таксама глыбокая мадэрнізацыя ўжо існуючай з’яўляюцца адным з галоўных фактараў забеспячэння абараназдольнасці краіны, заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што сутнасць мерапрыемства не ў тым, каб некаму пагражаць або разгарнуць піяр-кампанію. «Нам трэба тая зброя, якую мы будзем выкарыстоўваць выключна для абароны, выключна на нашай тэрыторыі і для нанясення тым, хто захоча з намі ваяваць, непапраўнага ўрону. Гэта высокадакладная ракетная зброя з далёкасцю да 300-350 км. У нас гэта ўсё ёсць», – адзначыў Прэзідэнт.
Сярод запатрабаваных у сучасных умовах навінак айчыннага ВПК Аляксандр Лукашэнка назваў беспілотныя лятальныя апараты, таксама ўдзелена ўвага магчымасцям па мадэрнізацыі існуючай тэхнікі. У гэтай частцы зроблена нямала, але ёсць над чым працаваць, адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падкрэсліў, што галоўнае – навучыць людзей, а тэхніка са сваімі задачамі справіцца. «Самае галоўнае для мяне – не тое, якія мы малайцы і што мы тут стварылі. Выснова галоўная сёння ў тым, што мы на правільным шляху. У гэтым напрамку будзем рухацца: і свая стралковая зброя, і свае боепрыпасы, і беспілотнікІ, і мадэрнізаваная тэхніка, бранятэхніка, «Кайман», «Волат», якія мы стварылі ў сябе ў Беларусі», – рэзюмаваў Прэзідэнт.
Адно з пытанняў, што задалі журналісты, датычылася прэстыжу ваеннай службы і таго, што неабходна зрабіць, каб яго павысіць. Кіраўнік краіны бачыць хібы ў ваеннай падрыхтоўцы і ў цэлым выхаванні моладзі сярод мужчынскай часткі насельніцтва з-за вялікага працэнта адтэрміновак ад службы ў арміі. Прэзідэнт нагадаў, што ў Беларусі амаль 80 працэнтам з ліку тых, хто падлягае прызыву на тэрміновую ваенную службу, прадастаўляюцца адтэрміноўкі па тых ці іншых падставах. «На працягу бягучага года і бліжэйшага паўгоддзя падумаем над тым, як зрабіць так, каб навучыць мужчыну абараніць хаця б сябе і сваю сям’ю, не гаворачы ўжо аб тым, што ён Радзіму павінен абараняць. Мы самі тут нахамуталі шмат пытанняў і сёння ахкаем, вохкаем, што ў нас недзе не хапае ваеннаслужачых», – заявіў Прэзідэнт.
Гаворачы аб прэстыжы ваеннай службы, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ён захоўваецца, і для многіх служба ў арміі па-ранейшаму з’яўляецца ганаровым абавязкам. Аднак часам з-за тых ці іншых адзінкавых негатыўных фактаў можа скласціся ўражанне, што людзі не хочуць служыць у арміі і нават пабойваюцца яе. «Не трэба баяцца гэтага. Мы ад гэтага нікуды не дзенемся. Наша такая доля, асабліва мужчын, – Радзіму абараняць», – падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў пытанні прэстыжу часта недапрацоўваюць ідэолагі, ды і сама армія, пачынаючы з першых крокаў ваеннаслужачых у армейскім калектыве.
Аляксандр Лукашэнка адкрыта выказаўся аб фактах дзедаўшчыны: «Для мяне гэта (дзедаўшчына. – Заўвага БЕЛТА) наогул непрымальна, як для чалавека, які служыў. І нават потым, будучы афіцэрам Савецкай Арміі, для мяне гэта наогул было недапушчальна. Таму я як Прэзідэнт успрымаю гэта з вялікім хваляваннем. Дзедаўшчына, калі здзекуюцца з чалавека, – гэта ганьба для арміі. Гэта мы будзем выпальваць гарачым жалезам. Міністру абароны і ўсім ім я сказаў аб гэтым», – заявіў Кіраўнік дзяржавы.
«Не дай бог, калі гіне чалавек, але, на жаль, бывае ўсякае. І тое, што нам удалося ўберагчы сваіх хлопцаў, ваеннаслужачых, сваю краіну ад гэтых войнаў, на мінімуме трымаць негатыўныя праблемы ў арміі, – гэта вялікае наша дасягненне», – падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Падчас размовы з журналістамі ўздымаліся і іншыя актуальныя тэмы ў жыцці краіны.
Па матэрыялах БЕЛТА.

Фота БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *