Падзея з агеньчыкам

 

А ў нас у кватэры газ! – не нарадуюцца блакітнай абноўкай жыхары аграгарадка Русінавічы. Завяршаецца газіфікацыя населенага пункта – падзея не радавая і значэнне мае неацэннае. Газ у доме даўно асацыюецца з камфортам і зручнасцю: для цяпла не трэба нарыхтоўваць дровы і «карміць» цвёрдапаліўны кацёл. Гэтыя клопаты для многіх аграгараджан адыходзяць у мінулае. На газіфікацыю Русінавічаў з рэспубліканскага бюджэту пайшло каля 560 тысяч рублёў, пракладзена больш за сем кіламетраў трубаправода.
– Прыродны газ у параўнанні са звадкаваным, якім да гэтага карысталіся ў аграгарадку, больш эканамічны ў эксплуатацыі і дастаўцы, – раскрывае перавагі начальнік Ляхавіцкага раёна газазабеспячэння Ігар Чвыр. – Ды і тыя ж кухонныя пліты і іншае абсталяванне першапачаткова прыстасаваны менавіта для такога паліва. А значыць, пры іх устаноўцы не патрабуецца дадатковых запчастак і адпаведнай настройкі.
Гэтымі днямі работнікі службы праводзяць у кватэрах поўнае тэхнічнае абслугоўванне газавага абсталявання і перападключэнне яго са звадкаванага на прыродны газ. Некаторыя абаненты скарысталіся гэтым сэрвісам і тут жа абнавілі пліты і калонкі – бяспека перш за ўсё.
У бліжэйшы час гэта значная падзея завершыцца ўрачыстым увядзеннем у эксплуатацыю важнейшага і надзвычай чаканага тутэйшымі жыхарамі аб’екта.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *