Па другі бок сцэны. 14 кастрычніка — Дзень работнікаў культуры

Ветэраны ўстаноў культуры.

У гэты дзень глядзельная зала ГДК была запоўнена тымі, хто звычайна стаіць на сцэне – тутэйшай ці сельскіх устаноў культуры, каго мы прывыклі бачыць «па той бок» бібліятэкарскага стала.
Напярэдадні прафесійнага свята работнікі культуры Ляхавіччыны сабраліся на сустрэчу з сімвалічнай  назвай «Няхай у ваш гонар гучаць апладысменты».

Не толькі апладысменты (іх было і сапраўды шмат – шчырых і ад душы), творчасць, крэатыўнасць, густ і прафесійнае майстэрства «гучалі» літаральна ва ўсім: у выставах, аформленых у танцзале, у фотазоне ў стылі рэтра, у святочным сцэнарыі з элементамі гумару і драмы, у канцэртных нумарах і відэароліках.
Настальгічную нотку ўносіла падборка старых здымкаў
«І жартам, і ўсур’ёз». Некаторыя з тых, хто на фота, даўно на заслужаным адпачынку, але ўсіх іх – ветэранаў культуры – былі рады бачыць на сустрэчы.
У гэты дзень прыгадвалі поспехі калег і жадалі творчасці і натхнення маладым спецыялістам, што сёлета прыйшлі працаваць ва ўстановы культуры раёна. Лепшыя з лепшых па традыцыі атрымалі ўзнагароды. Іх разам з віншаваннямі і цёплымі пажаданнямі ўручылі намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алег Траццяк, дырэктар раённай цэнтралізаванай клубнай сістэ-мы Юрый Грынь.
Сапраўдным падарункам для самадзейных мясцовых артыстаў стала выступленне народнага эстрадна-джазавага ансамбля «Кавертон» Ганцавіцкага ГДК.
А сёння і заўтра, у свой дзень, культработнікі чарговы раз не адпачнуць. Практычна ва ўсіх установах культуры раёна падрыхтаваны для землякоў святочныя праграмы з нагоды Дня маці. Такая ў іх прафесія – дарыць добры настрой іншым. Нават у сваё свята.

Святлана БЕЛЬМАЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *