Там недзе мама чакае, мабыць…
…Паварот на вуліцу Ціхая – мы ў вёсцы Туркі. Восень тут сапраўды асаблівая – прыгожае ярка-аранжавае аздабленне, у якім так шыкоўна, па-цёпламу і гарманічна выглядаюць вясковыя домікі.
– Не падкажаце, дзе жыве Марыя Платонаўна Бадак? – пытаюся ў аднаго з мясцовых жыхароў.
– Вам па гэтай вуліцы, трохі праедзьце вышэй, на ўзгорак, убачыце цёмна-чырвоную хату. Заходзьце, яна заўсёды дома.
Як вы зразумелі, «ЛВ» завітаў у госці да зорнай матулі, бязмежна светлай, добразычлівай, мілай жанчыны – мамы вядомага літаратара Алеся Бадака. Едзем па вузкай вясковай вулачцы, якая нібы з песні «Мама» – прыгожая ў любы час, такая знаёмая, свая. Дарога дадому заўсёды любімая:
І ўсё-ткі зберагчы я здолеў многа,
Раз не забыў спавітую тугой
Сцяжынку да бацькоўскага парога,
Што з сэрца пачынаецца майго.
Не любавацца гэтым пейзажам немагчыма. І не любіць яго немагчыма. Тым больш, калі ў ім дарагія сэрцу людзі, чакае мама, якой толькі скажы, што сёння прыедзеш, будзе таптацца і выглядаць каля брамкі: «Едзе мой Сашка»…
Наш зямляк Алесь Бадак вядомы як знакаміты пісьменнік, паэт, дырэктар выдавецкага дома «Мастацкая літаратура». Яна ж, мама Марыя Платонаўна, раскажа пра яго яшчэ хлапчука-юнака з заўсёднай кнігай у руках, з якой не разлучаўся, здаецца, ніколі.
Яе голас крыху дрыжаў, калі расказвала пра свайго Сашу. Яна хвалявалася, чакала тэлефоннага званка: ён у той дзень прылятаў з камандзіроўкі, быў у Туркменістане. А яна чакае, турбуецца.
Там недзе мама, мама
Цяпер чакае, мабыць,
Цяпер сумуе, мабыць,
Па блудным сыне зноў.
– Хвалююся кожную яго паездку. Шчыра сказаць, проста пера-хварэю, пакуль ён прыедзе. А пасля чакаю, калі ж завітае да мяне, дадому. І мы зноў будзем увечары сядзець на лавачцы ля дома на нашай Ціхай вуліцы. Гаварыць пра ўсё на свеце, успамінаць, марыць. Люблю гэтыя хвіліны, – прызнаецца Марыя Платонаўна.
А я хаджу па свеце.
Ды прыцягненне сэрца,
Твайго, матуля, сэрца
Вяртае ўсё ж дамоў.
Памятаю, калі спытала Алеся Бадака пра натхненне, ён адказаў, што гэта яго родныя і блізкія людзі, знаёмыя з дзяцінства мясціны. У Турках размаўляю з яго мамай, углядаюся ў такія мілыя рысы твару і лаўлю знаёмы позірк – усё ж штосьці падобнае ёсць. Але яна сцвярджае: Саша падобны больш на бацьку. А вакол нас шыкоўныя аксаміткі…
І хоць цяпер Марыя Платонаўна жыве адна, яна не адчувае сябе адзінокай ні ў якім разе. Заўсёды побач сын Сяргей. Вось і цяпер завіхаюцца з рамонтам. А яшчэ ў бабулі Марыі дзве ўнучкі і ўнук. Гаворыць, што і суседзі ў Турках дружныя, бы родныя людзі.
Пра свайго знакамітага сына расказвае з асаблівай цеплынёй. Марыя Платонаўна сябе рэцэнзентам не лічыць, проста чытае, што піша Алесь. За новы твор садзіцца з хваляваннем:
– Як напіша словы на песню, будзе казаць, «вось гэта песня табе абавязкова спадабаецца, а вось гэта не». А па сакрэце – мне падабаецца ўсё, што ён робіць.
Фатаграфую каля дома на лавачцы ў яе любімых аксамітках. На хвілінку яна нібы бярэ паўзу ад размовы і пагружаецца ў свае думкі, азіраецца на Ціхую. Жанчына з нялёгкім лёсам. Бацька не вярнуўся з фронту. Муж памёр заўчасна. Адна расціла-выхоўвала двух сыноў…
… А яшчэ Марыя Платонаўна сапраўдны «веснікавец». Без газеты не можа жыць:
– Чакаю, калі ж тыя серада і субота, калі ж прыйдзе мая раёнка. Калі карэспандэнты напісалі, значыць трэба абавязкова прачытаць, гэта важна.
Здорава, што ў нас такія сапраўдныя падпісчыкі.
Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.