Цесныя сувязі
V Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі прайшоў у Магілёве 10-12 кастрычніка. Галоўнай яго падзеяй стала пленарнае пасяджэнне на тэму «Прыярытэтныя напрамкі развіцця рэгіянальнага супрацоўніцтва як ключавога фактару інтэграцыі і саюзнага будаўніцтва» з удзелам кіраўнікоў дзяржаў Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна. Пасяджэнню папярэднічала асабістая сустрэча прэзідэнтаў, на якой бакі абмеркавалі найбольш актуальныя пытанні беларуска-расійскага супрацоўніцтва.
Менавіта ў рэгіёнах Беларусі і Расіі пачынаецца мноства вытворчых і тэхналагічных ланцужкоў па выпуску сумеснай прадукцыі, заявіў Прэзідэнт Беларусі
Аляксандр Лукашэнка на пленарным пасяджэнні форуму. «Практычна ў кожным беларускім вырабе, трактар гэта, велікагрузны або легкавы аўтамабіль, ці бытавы прыбор, ёсць расійскі кампанент, – канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. – Цяпер больш як 8 тысяч прадпрыемстваў дзвюх дзяржаў звязаны вытворчай кааперацыяй. У Беларусі амаль 3 тысячы арганізацый з расійскім статутным капіталам. У Расіі зарэгістравана прыкладна 50 сумесных вытворчасцей, створана каля 160 суб’ектаў тавараправоднай сеткі з беларускім капіталам. Гэта сотні тысяч рабочых месцаў, што ў цяперашні час з’яўляецца пэўным дасягненнем».
Аб узаемнай зацікаўленасці ў развіцці міжрэгіянальных сувязей сведчыць высокая інтэнсіўнасць абмену візітамі дэлегацый рознага ўзроўню, адзначыў Прэзідэнт. Падпісана каля 80 дагавораў аб супрацоўніцтве з 36 суб’ектамі Расійскай Федэрацыі. Асноўнымі гандлёвымі партнёрамі Беларусі застаюцца Масква і Санкт-Пецярбург, рэспублікі Татарстан і Башкортастан, Пермскі край, а таксама Бранская, Калужская, Маскоўская, Смаленская і Цюменская вобласці. Аб’ём гандлю з гэтымі рэгіёнамі складае больш за 70 працэнтаў беларуска-расійскага тавараабароту. Гэта вельмі высокі вынік, але важна наладзіць такі ж тэмп супрацоўніцтва і з іншымі суб’ектамі Расійскай Федэрацыі, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі стаў добрай традыцыяй для прэзідэнтаў дзвюх краін, кіраўнікоў рэгіёнаў, прадстаўнікоў бізнес-супольнасці і экспертаў, пляцоўкай для абмеркавання ключавых пытанняў міждзяржаўных адносін.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў беларуска-расійскіх эканамічных адносінах па-ранейшаму застаецца актуальнай тэма правядзення ўзгодненай палітыкі ў прамысловай сферы і паглыблення кааперацыі. Паводле яго слоў, важнейшым прыярытэтам міжрэгіянальнага ўзаемадзеяння з’яўляецца рэалізацыя вытворча-кааперацыйных праектаў у машынабудаванні, дрэваапрацоўцы, харчовай, лёгкай прамысловасці.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што прывабнасць любога інтэграцыйнага аб’яднання вызначаецца ўмовамі эканамічнага супрацоўніцтва яго суб’ектаў. Размова ідзе аб стварэнні ўмоў для камфортнага вядзення гандлю, а таксама магчымасці сумесна рэалізаваць прыбытковыя праекты ў розных сферах.
«Нашымі галоўнымі задачамі пра-даўжаюць заставацца устараненне ўсялякіх абмежаванняў ва ўзаемным гандлі і забеспячэнне роўных умоў дзейнасці суб’ектаў гаспадарання. Найбольш важнае пытанне – гэта супрацоўніцтва ў агракомплексе», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што ў многіх рэгіёнах Расіі беларусаў ведаюць як добрасумленных і надзейных партнёраў, а беларускія прадукты цэняць і любяць. «Часта сумесная работа па павышэнні якасці экспартуемых прадуктаў харчавання падмяняецца абмежавальнымі мерамі, – канстатаваў Кіраўнік дзяржавы. – Але мы нарэшце напярэдадні гэтага форуму дамовіліся аб тым, як будзем развязваць такія праблемы. Прытым дамовіліся адназначна, і гэта падтрымана ўрадамі дзвюх краін».
Прэзідэнт падкрэсліў, што не толькі эканоміка ляжыць у аснове беларуска-расійскіх адносін. Наступныя два гады з’яўляюцца знакавымі для брацкіх народаў: разам яны будуць адзначаць 75 гадоў з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 75 гадоў Вялікай Перамогі. «І для беларусаў, і для расіян святое ўсё, што звязана з Вялікай Айчыннай вайной. На прыкладзе подзвігу савецкіх салдат, якія абаранялі тады нашу агульную Радзіму, мы павінны выхоўваць новае пакаленне грамадзян Беларусі і Расіі сапраўднымі патрыётамі», – перакананы Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік беларускай дзяржавы прапанаваў наступны Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі прысвяціць маладзёжнай тэматыцы: «Трэба абмеркаваць рэальныя аспекты адукацыі, культуры, творчага развіцця, патрыя-тычнага выхавання і фарміравання здаровага ладу жыцця маладых людзей. Нашаму падрастаючаму пакаленню неабходна прывіваць жаданне жыць і працаваць на роднай зямлі. Паколькі менавіта ад моладзі залежыць будучыня нашых дзвюх краін».
Пра глыбіню эканамічнай інтэгра-цыі краін гаварыў Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін. Расійскі лідар падкрэсліў, што Беларусь займае першае месца па аб’ёме тавараабароту ў гандлі Расіі з краінамі СНД, а прыкладна палавіна ўсёй беларускай экспартнай прадукцыі пастаўляецца на расійскі рынак. «У мінулым годзе тавараабарот павялічыўся амаль на чвэрць і дасягнуў $32,4 мільярда. У студзені-жніўні бягучага года прыбавіў яшчэ 14,5 працэнта. Нам цалкам пад сілу вывесці ўзаемны гандаль на ўзровень $50 мільярдаў», – сказаў Уладзімір Пуцін.
Буйнейшым сумесным праектам з’яўляецца будаўніцтва Беларускай АЭС, адзначыў Уладзімір Пуцін і выказаў упэўненасць, што ўвод у дзеянне БелАЭС палепшыць сітуацыю з энергазабеспячэннем, эканомікай, створыць дадатковыя экспартныя магчымасці. Прадугледжана ўзвядзенне і іншага важнага аб’екта – цэнтра ядзернай навукі і тэхналогій. «Мы не проста будуем вельмі важны прамысловы аб’ект, а ствараем у Беларусі новую галіну», – сказаў Прэзідэнт Расіі.
V Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі стаў адметным і па колькасці ўдзельнікаў, і па аб’ёме заключаных на ім дагавораў. Агульная сума падпісаных на Форуме рэгіёнаў кантрактаў перасягнула $500 мільё-наў, большая частка – беларускі экспарт у Расійскую Федэрацыю.
Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін пасля завяршэння афіцыйных мерапрыемстваў, звязаных з іх удзелам у V Форуме рэгіёнаў, удзялілі некалькі гадзін нефармальнай сустрэчы. Кіраўнік беларускай дзяржавы запрасіў расійскага лідара наведаць сваю малую радзіму ў аграгарадку Александрыя Шклоўскага раёна.
Па матэрыялах БЕЛТА.
Фота БЕЛТА.