Быт ці не быт?
Бытавыя паслугі – тое, што робіць зручным наша паўсядзённае жыццё. На Ляхавіччыне іх прапануюць і камунальнікі, і прыватнікі. «ЛВ» паспрабаваў высветліць, ці задаволены землякі бытавым абслугоўваннем.
Алена ДЫДЫШКА, аграгарадок Востраў:
– Мяне гэтыя пытанні хвалююць не толькі як спажыўца, але і як дэпутата райсавета, да якога землякі звяртаюцца са сваімі праблемамі. У першую суботу кожнага месяца на комплексны прыёмны пункт у Востраве прыязджае цырульнік з КБА. І не заўжды ўсе жадаючыя паспяваюць скарыстацца яго паслугамі – чарга не даходзіць… А калі хто па суботах працуе (настаўнікі, прадаўцы, работнікі пошты), то і наогул не трапіш. Магчыма, жылкамунгасу, на чыім балансе цяпер знаходзіцца КБА, ёсць сэнс устанавіць больш зручны графік выезду цырульнікаў у такія немалыя па колькасці жыхароў населеныя пункты. А то едуць вастраўчане і дзяцей вязуць у цырульні суседняга Баранавіцкага раёна, куды дабірацца прасцей і зручней, чым у Ляхавічы. Гэта ж датычыцца і рамонту абутку. Так, на КПП яго прымаюць, але ж пакуль завязуць у Ляхавічы, пакуль там зробяць – чакаць даводзіцца тыдзень-другі. А ў Баранавічах заказ гатовы ў той жа дзень.
А вось праблем з рамонтам адзення ў вастраўчан няма: у нашым КПП ёсць свая швачка.
Сяргей ГАЧКО, г. Ляхавічы:
– Некалькі месяцаў назад сапсаваўся халадзільнік. Патэлефанаваў у камунгас: сказалі, што рамонтам не займаюцца. Знайшоў у інтэрнэце тэлефон майстра ў Ляхавічах. Прыехалі ў прызначаны час, забралі тэхніку, праз некалькі дзён прывезлі адрамантаваны халадзільнік. Хутка, якасна і кошт прымальны.
А калі чалавек не сябруе з інтэрнэтам, дзе шукаць дапамогу?
Святлана КІРМЕЛЬ, г. Ляхавічы:
– Раней стрыгчыся ездзіла ў Баранавічы ў прыватную цырульню. Шмат часу ідзе на дарогу, не заўсёды ўдаецца запісацца на зручную для сябе дату. Калега параіла звярнуцца ў салон «Прэстыж», што ў Доме быту. Падстрыглі не горш, чым у Баранавічах, а кошт амаль удвая таннейшы! Цяпер я пастаянны кліент гэтай цырульні і гэтага майстра.
Наталля ПРАЖОГА,аграгарадок Навасёлкі:
– Калісьці ў Навасёлках працаваў комплексны прыёмны пункт, потым яго закрылі. З бытавымі праблемамі вяскоўцы спраўляюцца самі. У каго ёсць машыны, тыя едуць у райцэнтр. А што рабіць пажылым вяскоўцам, якім нават за прадуктамі цяжка схадзіць, не тое, што адправіцца ў горад?
Асабіста мне падабаюцца прыватныя абутковая і швейная майстэрні на рынку ў Ляхавічах. А вось стрыжкі, прычоскі раблю ў Баранавічах, там у адным з салонаў працуе майстрам мая зямлячка з Пранчакоў.
Іван СТРАМАВУС, г. Ляхавічы:
– Многае раблю сам, нават набойкі на абутку магу памяняць. А калі сапсавалася пральная машына, выклікалі рамонтнікаў з Баранавічаў. Забралі, некалькі тыдняў патрымалі ў сябе, а потым сказалі, што рамонту не падлягае. А вось стрыгуся заўжды ў цырульні «Фантазія». Дарэчы, там абслугоўваецца і мая жонка. Нам падабаецца.
Ірына ПІШЧ, г. Ляхавічы:
– Стараюся сачыць за сваім знешнім выглядам. Абавязкова штомесяц наведваю цырульніка, майстра па манікюры і педыкюры. Рабіла гэтыя паслугі ў многіх салонах не толькі Ляхавіч. Спынілася на камунгасаўскай цырульні «Прэстыж». А вось манікюр-педыкюр раблю ў прыватніка на даму.
Запісала Галіна КАНЬКО.