«Палымяны» падарунак. У аграгарадок Русінавічы прыйшоў прыродны газ

Сімвалічны факел запальваюць  старшыня райвыканкама  Аляксандр Камінскі, генеральны дырэктар «Брэстаблгаза» Яўгеній Казімірчык і начальнік аварыйна-дыспетчарскай службы «Баранавічыгаза» Вячаслаў Саўчанка.

17 кастрычніка можна, у нейкім сэнсе, лічыць датай пачатку новай гісторыі аграгарадка Русінавічы. Да дзеючай інфраструктуры населенага пункта, у якім пражывае больш за паўтысячы чалавек і ёсць фізкультурна-аздараўленчы комплекс, Дом культуры, фельчарска-акушэрскі пункт, паштовае аддзяленне і г.д., дабавіўся важкі плюс, што будзе ўмацоўваць і павышаць аграгарадскі статус, – прыродны газ. А камфорт і зручнасць гэтай выгоды – важкая падстава, у тым ліку для маладых, выбраць Русінавічы месцам пражывання.
Знакава, што падарунак аграгараджанам зроблены ў Год малой радзімы – такі красамоўны аўтограф з адметнай цеплынёй.

Каля мясцовага Дома культуры ажыўлена і святочна. Запуск блакітнага паліва – падзея знамянальная не толькі для аграгарадка, але і для ўсяго раёна. На газіфікацыю Русінавічаў, якая вялася па дзяржаўнай праграме «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе», з рэспубліканскага бюджэту было выдзелена 560 тысяч рублёў, пракладзена больш за сем кіламетраў падводзячага газаправода. Заказчык будаўніцтва – ВУП «Брэстаблгаз», выканаўца работ – ААТ «Баранавічыгазбуд».
Сярод ганаровых гасцей урачыстай цырымоніі – старшыня райвыканкама Аляксандр Камінскі, генеральны дырэктар «Брэстаблгаза» Яўгеній Казімірчык, дырэктар «Баранавічыгаза» Уладзімір Столяр, генеральны дырэктар «Баранавічыгазбуда» Вячаслаў Раманоўскі.
Аляксандр Камінскі шчыра віншаваў жыхароў аграгарадка з абноўкай. Ён падкрэсліў, што на Ляхавіччыне працягваецца работа па ўладкаванні аграгарадкоў. Прыродны газ
падведзены больш да палавіны такіх населеных пунктаў. Русінавічы сталі сёмым газіфікаваным аграгарадком. Кіраўнік раёна выказаў асаблівую ўдзячнасць Аляксандру Вітко, які шмат гадоў узначальваў мясцовую гаспадарку, а цяпер працуе намеснікам старшыні, – натхняльніку і каардынатару сённяшняй важкай падзеі за тое, што ён тры дзесяцігоддзі не губляў спадзяванняў правесці газ землякам, настойліва ішоў да мэты.
Уладзімір Столяр нагадаў, што рэалізаваны першы этап праекта, які дае магчымасць працягу далейшай газіфікацыі Русінавічаў і Гаслаўшчыны.
Далейшая газіфікацыя будзе ажыццяўляцца па Указе № 368, які прадугледжвае істотную фінансавую падтрымку для насельніцтва: 70 працэнтаў затрат зноў жа возьме на сябе дзяржава.
Яўгеній Казімірчык, які актыўна садзейнічаў таму, каб русінавіцкая ўрачыстасць адбылася, растлумачыў гаспадарам дамоў алгарытм іх далейшых дзеянняў: ствараць спажывецкія кааператывы, рабіць праектна-каштарысную дакументацыю. Пры гэтай умове размеркавальная сетка ад падводзячага газаправода хутка распляцецца, і экалагічна чыстае паліва прапішацца па шматлікіх адрасах.
Дарэчы, пры падключэнні пабудаванага газаправода да дзеючага падача блакітнага паліва спажыўцам не спынялася. Гэта стала магчымым дзякуючы сучаснай тэхналогіі халоднай урэзкі з выкарыстаннем сістэмы «Стоп-газ». Набытае сёлета «Брэстаблгазам» абсталяванне менавіта на гэтым аб’екце было задзейнічана ўпершыню, і не давялося зніжаць ціск у газаправодзе. А раней, напрыклад, прамысловыя прадпрыемствы маглі быць адключаны ад газавай крыніцы не менш чым на суткі.
І вось сімвалічны факел запалены. Аграгараджане, з абноўкай! Няхай яна служыць вам надзейна і бяспечна.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА. БОЛЬШ ФОТА ТУТ

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *