Марыць не шкодна – шкодна не марыць

Размаўляць з ім, як мінімум, цікава, наогул жа, – пазнавальна і павучальна. Эрудыцыя і кампетэнтнасць, аналітычны розум і перакананасць Уладзіміра Столяра робяць яго прыцягальна прыемным субяседнікам.
– Люблю вучыцца, –шчыра прызнаецца і тут жа ўдакладняе: – Лічу, што гэта трэба рабіць усё жыццё.
Уладзімір Міхайлавіч вучыцца, можна сказаць, нон-стоп: нархоз, інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі, Акадэмія кіравання і заўсёдныя жыццёвыя ўніверсітэты, урокі якіх атрымлівае ад прафесійнай дзейнасці, стасункаў з людзьмі, ад назіранняў, уражанняў, захапленняў.
З Ляхавічамі сённяшняга дырэктара вытворчага ўпраўлення «Баранавічыгаз» Уладзіміра Столяра звязваюць амаль чатыры з паловай дзясяткі гадоў жыцця. Менавіта сюды, а дакладней, у эксперыментальную базу «Малагарадзішчанская» прыехаў на працу выпускнік інстытута народнай гаспадаркі з чырвоным дыпломам эканаміста. Мог працягваць вучобу ў аспірантуры, што яму настойліва прапаноўвалі ў інстытуце, мог уладкавацца ў абласны цэнтр, але ў жыцці яго здарыўся наш раён. Першае дзесяцігоддзе працаваў, прафесійна рос, набіраўся вопыту ў «Малагарадзішчанскай». Усё атрымлівалася настолькі добра, што паступіла прапанова пайсці на дзяржаўную службу. Наступныя паўтара дзясяткі гадоў Уладзімір Столяр – намеснік старшыні Ляхавіцкага райвыканкама, курыраваў пытанні эканомікі і прамысловасці.
Наступныя 11 гадоў узначальваў Ганцавіцкі раён (гэта пры ім там у 2011 годзе прайшоў шыкоўны рэспубліканскі Дзень беларускага пісьменства). На той час у Ляхавічах бываў значна радзей, аднак, бываў – у суседнім раёне ён быў на працы, а ў Ляхавічах заставаўся яго дом, правільней, кватэра. Сёння адсюль ездзіць на работу ў «Баранавічыгаз».

…Каб атрымаць «выдатна» ў прафесара, які выкладаў у інстытуце палітэканомію, трэба было даць дасканалыя адказы на тры пытанні білета не больш як за пяць мінут. Амаль недасягальная планка. Студэнт Столяр уклаўся ў 4 мінуты 39 секунд. Тую «пяцёрку» ён і сёння лічыць адной з дарагіх сваіх адзнак. І не толькі ён. Падчас сустрэчы з аднакурснікамі хтосьці з іх абавязкова ўспомніць, як «Валодзька прафесара-аса ўразіў».
Асабіста мяне ён уразіў і тэмай сваёй навуковай студэнцкай работы па філасофіі: «Свабода слова і свабода думкі». Ну, а калі пачалі ўспамінаць, дзе рыхтавалі рэфераты, штудзіравалі наву-ковую літаратуру, то аказалася, што займаліся ў адзін час і па адным адрасе толькі ў розных залах мінскай «ленінкі». Але гэта, так бы мовіць, лірычнае адступленне для паўнаты вобраза.
Дарэчы, лічыць не менш важнымі і ўплывовымі ўрокі «не па праграме». Уладзімір Міхайлавіч расказвае пра немаладую вяско-вую жанчыну, чый дом стаіць па суседстве з бацькоўскім у Баранавіцкім раёне:
– Адукацыя і адукаванасць часам не супадаюць. Гэтая маміна суседка не мела дыплома і, магчыма, не надта граматна пісала, але ж наколькі гэта інтэлігентны і мудры чалавек па сваіх поглядах, па сваіх учынках.
Такія людзі-чалавекі пакідаюць у жыцці добры незабыўны след, яны як нябачныя зодчыя для тых, з кім маюць стасункі, каму давяраюць свае думкі і каго дапускаюць ва ўласнае душэўнае кола. Пашанцавала на такіх – лічы, ты шчасліўчык.
ёння можна сцвяр-джаць: наш зямляк Уладзімір Столяр адбыўся ва ўсіх сваіх іпастасях, у тым ліку, у прафесійных. Менавіта глыбокія веды, павага да людзей, уменне аналізаваць, заўсёдная самапатрабавальнасць і патрабавальнасць сфарміравалі выдатнага кіраўніка.
– Мне сорамна быць апошнім. Кіраўнік у абавязковым парадку павінен ведаць больш сваіх падначаленых, таму… вучыцца ніколі не позна. Калі прыйшоў у газавую гаспадарку, давялося спасцігаць гэту галіну спачатку: было цікава, стала вывучаным і пазнаным, – гаворыць Уладзімір Міхайлавіч. І ў гэтым ён увесь. Тым больш, калі дадае: – Не менш важная акалічнасць, чым вынік, да якога імкнешся, – чалавечнасць, заўсёды – без выхадных, без водпускаў.
Дапамагчы людзям, здавалася б, у невырашальнай сітуацыі, узяць на сябе адказнасць за прынятае рашэнне, не лічыцца з асабістым часам і адкласці ўласныя справы дзеля іншых –
такім яго ведаюць многія землякі.
Як эканаміст і кіраўнік ён перакананы: важна быць гаспадарлівым і эканомным. Толькі не ў дачыненні чуласці, душэўнасці і спагады. І самы галоўны чалавек, які гэта паднёс аксіёмай і штодня пацвярджаў сваёй любоўю, – ягоная мама. Можа, за сваё вялікае сэрца яе жыццёвы шлях доўжыўся больш за стагоддзе. У сям’і было пяцёра дзяцей. Бацька прыйшоў з вайны інвалідам. Яна ж не скарылася ніякім цяжкасцям, пакорна, цярпліва, з любоўю і клопатам рабіла бясконцыя хатнія справы, а памочнікамі былі дзеці.
Уладзімір Міхайлавіч і Ала Міхайлаўна Столяры сямейныя традыцыі перадавалі сваім сынам, цяпер перадаюць унучкам і ўнуку. І гэта абсалютна правільнае рашэнне.
…Але вернемся ў «Баранавічыгаз», у зоне абслугоўвання якога знаходзіцца і наш раён. Літаральна тры дні назад у аграгарадку Русінавічы адбылася падзея, пра якую мясцовыя жыхары марылі здаўна: сюды прыйшоў прыродны газ. Усе спажыўцы, якія карысталіся звадкаваным газам з ёмістасцяў, сталі карыстальнікамі прыроднага блакітнага паліва. Больш таго, ёсць магчымасць далейшай газіфікацыі населенага пункта з дзяржаўнай падтрымкай. Пра што і паведаміў Уладзімір Столяр. Прычым, зрабіў гэта з добрай усмешкай чалавека, які задаволены зробленым.
Ён спяшаўся па справах, таму ў рэдакцыі прабыў нядоўга. Пры развітанні вярнуўся да пачатку размовы, калі гаварылі пра вольны час, якога, канешне, не хапае. Дык вось, калі сям’я збіраецца разам – гэта найвялікшае шчасце, калі сустракаешся з даўнімі сябрамі – жаданая радасць. Уладзімір Столяр, як заўсёды, дакладна і душэўна азначыў тое, што радуе сэрца.
Хацела спытаць у яго пра мары і іх «сталенне», ды падумалася, што і так усё зразумела: марыць не шкодна – шкодна не марыць.

Вольга БАРАДЗІНА.
Фота з сямейнага альбома Столяраў
і Маргарыты КУХТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *