Кукуруза – у кузаў. Сельгаспрадпрыемствы Ляхавіцкага раёна завяршаюць кукурузнае шчыраванне

Выкарыстана ілюстрацыя

Некаторыя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы раёна, для якіх кукуруза не толькі зялёная маса, з абмалотам сваіх палеткаў ужо справіліся і ў рознай ступені вынікова дапоўнілі свой зерневы свіран. СВК «Ляхавіцкі» са 185 гектараў узяў амаль што дзве тысячы тон каштоўнага прадукту: кожная адзінка плошчы «заважыла» адчувальна за 100 цэнтнераў зерневай масы. Роўна 100 цэнтнераў сабралі з кожнага гектара райаграсэрвіса (таксама «хлеб», нягледзячы на тое, што гектараў тых было менш, чым пальцаў на адной руцэ). ДП «Нача» таксама завяршыла кукурузнае шчыраванне. Тут ураджайная адзнака склала дастаткова высокія амаль 82 цэнтнеры на круг, а валавая зерневая прыбаўка сфарміравалася на ўзроўні 200 тон зерня.
На кукурузным палетку працягваюць заставацца ААТ «Жарабковічы» і «Шлях новы». Апошняму належыць яшчэ прайсці немалы шлях. І пажадана зрабіць гэта ў кароткі тэрмін. Іменна тут самы маштабны кукурузна-зерневы клін агульнай плошчай 400 гектараў, і толькі чацвёртая іх частка, па стане на канец другой дэкады кастрычніка, была ўбрана. Ураджайнасць – пад 73 цэнтнеры на круг. Прыкладна як і ў «Жарабковічах», дзе са 150 гектараў да гэтага часу ўбралі дзве трэці.
Работы працягваюцца, фініш ужо не здаецца аддаленай перспектывай.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *