Малінавае захапленне
За ваколіцай Лабузоў на плошчы ў два гектары роўненькімі радамі раскватаравалася маліна.
Летась падпалкоўнік у адстаўцы Уладзімір Ласый арандаваў гэты ўчастак і высадзіў больш за дзвесце кустоў салодкай ягады. Сёлета восенню сабралі першы ўраджай.
– Паглядзіце, якія ягады – буйныя, сакавітыя. А яшчэ надзвычай ураджайныя – кожны кусцік проста ўсыпаны малінавымі пацеркамі. Збіраць іх – сапраўднае задавальненне, – гаварыў Уладзімір Емяльянавіч і прапаноўваў пачаставацца.
Не налюбавацца і вачэй не адарваць, і на смак – асалода!
Гаспадар можа доўга расказваць пра маліну, яе сарты, асаблівасці вырошчвання і догляду – захапіўся садаводствам па-сур’ёзнаму. З веданнем справы разважае пра перавагі рамантантных сартоў: атрыманне ўраджаю ўжо ў першы год пасадкі, устойлівасць да маразоў, хвароб і шкоднікаў, высокая ўраджайнасць.
І калі працэс апрацоўкі можна механізаваць, то збор ягад – толькі ўручную. Справіцца з такімі маштабамі ўласнымі сіламі, канешне, цяжка. На дапамогу пазвалі мясцовых жанчын. Ягадка да ягадкі – і запаўняюцца мініяцюрныя кошыкі. Сабраная партыя без прамаруджання адпраўляецца на продаж – вельмі ж далікатны гэты вітамінны тавар.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.