Аўтаклас ад нас, ці Вольга даехала да п’едэстала
Напэўна, у кожнага аўтамабіліста свая цікавая гісторыя з разраду «як я здаваў экзамен на вадзіцельскае пасведчанне». Успамінаецца хваляванне, калі націскаеш на клавішу клавіатуры і чакаеш, каб камп’ютар выдаў на экране «экзамен здадзены», калі дыяганальная паркоўка выканана ідэальна і ў руках жаданая папера з дазволам на кіраванне транспартным сродкам…
Асвяжыць успаміны, зноў пахвалявацца, праверыць свае веды і здольнасці ў мінулую пятніцу запрасілі маладых вадзіцеляў Ляхавіччыны ў спаборніцтве-конкурсе «Мацней за баранку трымайся, шафёр». У выніку аказалася сем прэтэндэнтаў на званне лепшага вадзіцеля. Конкурс з дзесяцігадовым стажам прапісаўся ў раённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ і штогод збірае аўтааматараў напярэдадні прафесійнага свята аўтамабілістаў.
Сёлета праходзіў у два этапы: спачатку праверылі тэарэтычны ўзровень удзельнікаў, пасля яны дэманстравалі сваё майстэрства на аўтадроме. Дарэчы, сярод удзельнікаў былі дзве дзяўчыны. І хоць існуе меркаванне, што жанчына на дарозе – гэта заўсёды прыгожа, але не заўсёды лагічна і зразумела, нашы канкурсанткі стварылі добрую канкурэнцыю моцнай палове, даказалі, што на якасць ваджэння першапачаткова ўплывае адточанае майстэрства, пільнасць і ўважлівасць да дарожнай абстаноўкі.
Тры экзаменацыйныя білеты па 10 пытанняў давялося асіліць канкурсантам, пры гэтым дапусціць як мага менш «шайбаў». Самым тэарэтычна «падкаваным» аказаўся загадчык Падлескай АУАП Андрэй Пуцілаў, у агульным раскладзе ён заняў другое месца. Не адставалі і ўдзельнікі з лясгасу, камунгасу, РАНС.
А вось прайсці ідэальна эстакаду, гараж, дыяганальную паркоўку атрымалася не ва ўсіх. Толькі адзін з канкурсантаў, дакладней, адна, без прабуксоўкі заехала на горку, «дыяганалку» выканала выдатна і ў гараж трапіла з першай спробы. А разам з добрай тэарэтычнай падтрыхтоўкай інспектар па кадрах Ляхавіцкай ЖКГ Вольга Карпік забяспечыла сабе першае месца. І хоць вадзіцельскі стаж у дзяўчыны ўсяго год, яна адчувае сябе за рулём упэўнена і шчыра прызнаецца: у захапленні ад язды. А меркаванне, што жанчына за рулём –
штосьці недарэчнае, увогуле не бярэ ў разлік, гэта і даказала сваім выдатным вадзіцельскім майстэрствам.
Бронзавым прызёрам у аўталюбіцельскім заездзе стаў урач анестэзіёлаг-рэаніматолаг райбальніцы Аляксандр Сяргей. Пераможцы атрымалі падарункі і віншаванні ад арганізатараў конкурсу – аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, РК БРСМ і РАС ДТСААФ.
Дарэчы
Чамусьці ў гэтым годзе конкурс прайшоў не так масава, як заўсёды. Між іншым, у Ляхавічах ёсць каму паказаць аўтаклас на аўтадроме. Магчыма, конкурс «Аўталэдзі» выправіць гэткую «несправядлівасць».
Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара. БОЛЬШ ФОТА ТУТ
Маладзёжны праспект, выпуск №9