А па суботах каляджане. З гэтага навучальнага года ў старшакласнікаў Ляхавіцкага раёна з’явілася магчымасць атрымаць рабочую прафесію падчас вучобы ў школе
Ці не класна, калі пасля школы акрамя атэстата аб агульнай сярэдняй адукацыі, школьнікі атрымліваюць яшчэ і запатрабаваную сёння рабочую прафесію?! Станоўчы адказ відавочны.
Многія школьнікі раёна з гэтага года вывучаюць прадмет «працоўнае навучанне» ў агракаледжы. Два гады заняткаў плюс паспяхова зда-дзены кваліфікацыйны экзамен – і ў старшакласніка на руках пасведчанне аб атрыманай рабочай прафесіі. Навучанне вядзецца па двух накірунках – агародніцтва і садаводства.
Справа ў тым, што пасля дзявятага класа школьнікі могуць выбраць профільнае навучанне ў педагагічным класе на базе СШ № 2, аграрных групах у СШ № 1 і СШ № 2, працягнуць вучобу ў гімназіі. Тыя, хто застаўся ў базавым класе, займаюцца працоўным навучаннем у каледжы.
Заняткі праходзяць кожную суботу на базе ЛДАКа. На шэсць гадзін, калі так можна сказаць, дзесяцікласнікі становяцца каляджанамі. Прадметы адпаведныя: эканоміка, асновы аграхіміі, агародніцтва, асновы садаводства, ахова навакольнага асяроддзя, вучэбная літаратура – таксама распрацоўкі лдакаўскіх выкладчыкаў. Курс абяцае быць практыкаарыентаваным: 300 вучэбных гадзін з запланаваных 420 будуць вытворча-практычнымі. Заняткі выходзяць за межы кабінетаў. Цяпер навучэнцаў можна застаць у садзе, пладовым гадавальніку, цяпліцы. Дарэчы, пашырылі і гэтыя вучэбныя межы – у праграме прадугледжана знаёмства з сельгаспрадпрыемствамі раёна.
– Выдатна, што ў вучняў ёсць магчымасць атрымаць рабочую прафесію яшчэ ў школьным узросце. Па-першае, гэта ў пэўных выпадках дазволіць лягчэй працаўладкавацца маладому чалавеку, па-другое, з’яўляецца добрая стартавая кропка для кар’ернага росту, – адзначае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Ірына Прыступа-Юнік.
З 8 верасня першы «набор» дзесяцікласнікаў уключыў у школьны расклад шосты дзень у ЛДАКу. 64 хлопчыкі і дзяўчынкі (а гэта тры групы) з Ліпскай, Навасёлкаўскай, Начаўскай, Востраўскай, Конькаўскай, Жарабковіцкай школ і СШ № 1 па папярэдне заключаных трохбаковых дагаворах паміж імі (са згоды бацькоў), аддзелам па адукацыі і ЛДАКам бліжэйшыя два гады будуць спасцігаць агранамічныя дысцыпліны.
Такое двухгадовае навучанне аднаго чалавека па садаводстве абыдзецца раённаму бюджэту ў 345 рублёў, па агародніцтве – 328 рублёў.
Курыруюць вучэбны працэс лдакаўскія выкладчыкі. А ў якасці каляджанска-класных кіраўнікоў Таццяна Прыхач, Яўгеній Біза, Ірына Бурвель.
Дарэчы, такі адукацыйны эксперымент – яшчэ і якасная профарыентацыйная работа. Школьнікі знаёмяцца з жыццём каледжа, загадзя могуць даведацца, у якім рэжыме ім давядзецца вучыцца, калі выберуць гэту ўстанову адукацыі. Да таго ж могуць убачыць запатрабаванасць сельскагаспадарчых кадраў ЛДАКа. Адным словам, калі ласка, адчуйце сябе каляджанамі!
– Падрыхтоўка моладзі да прафесійнай працы была і застаецца адной з асноўных задач установы адукацыі. У 2018/2019 навучальным годзе 43 працэнты дзесяцікласнікаў ахоплены прафесійнай падрыхтоўкай на базе Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа. Выдатна, што выпускнік школы будзе мець запатрабаваную прафесію і ні ў якім разе пасля заканчэння не застанецца, як кажуць, «за бортам». Такім чынам, выпускнікам пры наяўнасці прафесіі лягчэй адаптавацца ў соцыуме, – адзначае галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі райвыканкама Марыя Саракавік.
…Сёння вучні ўважліва вывучаюць наглядны матэрыял, запаўняюць вучэбныя сшыткі, знаёмяцца з рознымі спосабамі размнажэння пладовых і ягадных культур. Прызнаюцца, гэта так не падобна на школьную праграму, зусім іншае.
Дарэчы, некаторыя паспелі атрыманыя веды прымяніць на практыцы. Напрыклад, вучаніца Навасёлкаўскай школы Ангеліна Масцілоўская вучыць сваіх дамашніх правільна захоўваць яблыкі. Артур Дамбоўскі з СШ № 1 адзначае: такі шосты вучэбны дзень яму даспадобы, па-першае, урокі незвычайныя, цікавыя і змястоўныя, а па-другое, рэальна атрымлівае прафесію, з якой пасля можна ўладкавацца на працу. І прыемнае, і карыснае, як гаворыцца.
Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.