Катлеты са школьным смакам

Званок абвяшчае перапынак, і школьнікі чарадой спяшаюцца ў сталовую. Мыюць рукі і з цікавасцю выглядаюць, што сёння стаіць на сталах. У любым выпадку гэта не будуць фаст-фуд і паўфабрыкаты. Школьны рацыён – не шашлык і чыпсы, а баланс важных харчовых рэчываў і вітамінаў. Калі катлета – то натуральная, каша – свежапрыгатаваная, салат – з агародніны і г.д.

Даказана: якасць вучэбнага працэсу ў многім залежыць ад правільнай арганізацыі харчавання. І кантроль за гэтым мае некалькі ўзроўняў, на кожным вытрымлівае сур’ёзны экзамен.
У мінулым годзе ў кожным раёне вобласці створана міжведамасная камісія (у яе складзе прадстаўнікі райвыканкама, аддзела па адукацыі, райЦГіЭ і іншых службаў), якая некалькі разоў на месяц выязджае ва ўстановы адукацыі з праверкай харчаблокаў. Пад увагай – выкананне санітарных нормаў, правіл і гігіенічных нарматываў, якасць харчавання. Днямі на абласным пасяджэнні міжведамаснай камісіі разглядалася работа аддзелаў па адукацыі па правядзенні працэдуры закупак прадуктаў, пытаннях цэнаўтварэння.
У раёне каля 80 працэнтаў школьнікаў харчуюцца за кошт бюджэтных сродкаў. З пачатку навучальнага года на гэтыя мэты зрасходавана больш за 93 тысячы рублёў. Не плацяць за школьнае харчаванне рабяты з сельскай мясцовасці, вучні 1-4 класаў, рабяты з мнагадзетных і малазабяспечаных сем’яў, дзеці-інваліды.
Прадукты для школьных сталовых закупляюцца комплексна на прадпрыемствах-вытворцах без пасрэднікаў і без гандлёвых надбавак. Асноўнымі пастаўшчыкамі з’яўляюцца малочны і кансервавы заводы, райпо. Прамыя пастаўкі істотна патанняюць кошт абедаў. З гэтай жа мэтай установы адукацыі займаюцца саманарыхтоўкай бульбы і іншай агародніны. Гімназія і Тухавіцкая СШ паклалі на захоўванне 4,5 тоны агародніны. Многім школам і дзіцячым садам дапамогу ў гэтым аказалі шэфы.
– Цана школьнага абеду не перавышае паўтара рубля і вар’іруецца ў залежнасці ад узросту. Каларыйнасць сутачнага рацыёну адпавядае энергазатратам хлопчыкаў і дзяўчынак. Мяркуйце самі: салат, мяса ці рыба з гарнірам, трэцяе, хлеб, бутэрброд ці салодкі дэсерт. Прычым, нізкі кошт спалучаецца з высокай якасцю і смакам, – раскрывае перавагі начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Святлана Якубоўская.
Прыкладнае меню складаецца на 10-12 дзён. У дзіцячых садах працуюць аўтаматызаваныя праграмы для складання меню-патрабаванняў і аналізу выканання натуральных нормаў харчавання.
Дарэчы, мінулагодняе новаўвядзенне па аплаце школьных абедаў праз адзіную разлікова-інфармацыйную прастору паспяхова прайшло выпрабаванне.
Установы адукацыі асаблівае значэнне надаюць эстэтычнаму афармленню сталовых і культуры харчавання – ва ўсіх сучасная мэбля, на сталах хлебніцы, сурвэткі, на вокнах жалюзі ці цюль. Кожная школа стараецца ўпрыгожыць абедзенныя залы, каб сама атмасфера выклікала апетыт.
У Навасёлкаўскай СШ ганарацца сваёй абноўкай – капітальна адрамантаваным і мадэрнізаваным харчаблокам. Заменена цеплавое і халадзільнае абсталяванне, дабудаваны сумежныя памяшканні, створаны ўмовы для выканання тэхналогіі прыгатавання страў і г.д. Станоўчыя водгукі і ад школьнікаў, і ад бацькоў.
– Штодзень повары частуюць нас смачнымі стравамі. Абедаем са смакам! – гаворыць вучань 10 класа Мікіта Суднік
– Прыемна ісці на работу, калі ведаеш, што цябе чакае зручнае і бяспечнае працоўнае месца.
Удзячны за новыя цэхі: агароднінны, мясны, мыечны, пакой для персаналу. Сёння харчаблок нашай школы цалкам адпавядае патрабаванням СанПіНа, – расказвае повар Марыя Еўхач.
Меню пашырылася за кошт мясных страў. Вараную агародніну ў салатах замянілі сырой, і гэта прыйшлося вучням даспадобы.
– Дзеці з радасцю бягуць у школьную сталовую, і гэта выдатная адзнака поварам. Дачка ў захапленні, як прыгожа стала ў школьнай сталовай і якой смакатой штодзень кормяць, – расказвае маці пачаткоўца Кацярына Палош.
Па словах урача-гігіеніста райЦГіЭ Валянціна Скарыны, у раёне не было выпадкаў спынення эксплуатацыі харчаблокаў, а таксама забароны на рэалізацыю і выяўлення няякаснай прадукцыі на школьных кухнях.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *