Запрашае ляхавіцкая Купалаўка
Беларусь — шматнацыянальная краіна, дзе ў міры і згодзе жывуць прадстаўнікі розных нацыянальнасцей і веравызнанняў. Апошнім часам, калі рэлігія асабліва глыбока ўвайшла ў наша жыццё, інтарэс людзей да духоўнай літаратуры значна ўзрос.
Сапраўднымі жамчужынамі фонду сталі нядаўна атрыманыя прыгожа ілюстраваныя выданні «Праваслаўныя святыні свету», «Манастыры і храмы рускай праваслаўнай царквы», «Праваслаўная ікона Расіі, Украіны, Беларусі», «Праваслаўнымі дарогамі Беларусі». Прыходзьце ў бібліятэку, вазьміце гэтыя выданні ў рукі, пазнаёмцеся. Упэўнена — не пашкадуеце!
Калі камусьці з тых, хто ўпершыню прачытаў Біблію, не ўдалося адразу раскрыць багацце гэтага бясцэннага скарбу, варта пачытаць кнігу Сяргея Вараб’ёва «Біблія і гісторыя», дзе коратка і паслядоўна пададзены біблейскія падзеі ад стварэння свету да нараджэння Хрыстова ў паралелі з данымі гісторыі і археалогіі. Зазірнуць у глыбіні гісторыі дапаможа і кніга Аляксандра Дворкіна ”Нарысы па гісторыі ўсяленскай праваслаўнай царквы», на старонкі якой аўтар, у першую чаргу, раіць зазірнуць студэнтам, бо тут змешчаны каштоўны вучэбны матэрыял.
Іншы раз, чалавеку, які толькі адчуў цягу да веры, цяжка адразу пайсці ў храм ці звярнуцца да свяшчэнніка. З чаго пачаць? Як правільна сябе паводзіць? Многія сумненні развеюцца, калі пазнаёміцеся з кнігай Міхаіла Шпалянскага «Мы ўваходзім у храм. Дапаможнік на шляху да царквы». Аўтар у зразумелай форме расказвае пра праваслаўныя святы і пасты, правілы паводзін у храме.
Царква выдзяляе 7 галоўных таінстваў. Хочаце даведацца пра іх больш? Калі ласка, у гэтым дапамогуць кніжныя навінкі «Пра вянчанне», «Крок насустрач: тры размовы аб хрышчэнні з бацькамі і хроснымі» і інш.
Мама — першае слова, якое вымаўляе дзіця. Колькі ў ім бязмежнай любові і пяшчоты, даверу і шчасця! Што значыць быць маці? Адказаць на гэтае важнае пытанне на старонках кнігі «Святасць мацярынства» імкнуцца псіхолагі, свяшчэннікі, матулі і дзеці. Нібы працягам размовы з’яўляецца яшчэ адно новае выданне «Маміны праблемы», матэрыялы якога падрыхтавалі выхавальнікі ў супрацоўніцтве са свяшчэннаслужыцелямі. Адрасаваны яны ўсім, каго хвалююць праблемы выхавання.
Закрануўшы пытанні сям’і, нельга не абысці ўвагай і яшчэ адну цікавую кнігу — «Энцыклапедыя праваслаўнага таты». На яе старонках шмат цікавай і карыснай інфармацыі для маладога бацькі. Назвы раздзелаў гавораць самі за сябе: «Дзіця ў вашай сям’і: радасць і адказнасць», «Бацькоўскі клопат і выхаванне дзіцяці», «Набожны ўклад дома» і інш. Многія з нас ведаюць выслоўе:» Матчына малітва з дна мора дастане». І гэта не проста словы, а ісціна, якая пацвярджаецца ўсё новымі і новымі прыкладамі. Не верыце? Тады зазірніце ў кнігу «Матчына малітва».
Ва ўсе часы людзі звярталіся да духоўнай літаратуры, шукалі ў ёй ісціну, адказы на вечныя пытанні жыцця. Святло гэтых кніг неўміручае і шматграннае. Таму прыходзьце ў ляхавіцкую Купалаўку!
Віталія ЛАГУН,
бібліятэкар чытальнай залы раённай бібліятэкі.