Такія людзі! Прызванне  настаўніцкае

Яны лепшыя. Гэта калі вельмі коратка пра нашых землякоў, якія ва ўрачыстай абстаноўцы ў святочны дзень 3 ліпеня атрымалі дыпломы ўладальнікаў ганаровага звання «Чалавек года» за высокія дасягненні ў працы і вялікі асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна па выніках работы за 2017 года. Прапануем разам з «ЛВ» завітаць па іх працоўных адрасах і пазнаёміцца бліжэй з гэтымі неверагодна цікавымі людзьмі.

Прызванне  настаўніцкае

Настаўнік па прызванні – гэта пра ляхавічанку Таццяну Доруш. Яе любяць дзеці і паважаюць бацькі. Без школы, без гэтага асаблівага гоману, званкоў на ўрок, калег-сяброў, цікаўных хлопчыкаў і дзяўчынак Таццяна Аркадзьеўна не ўяўляе жыцця. У сістэме адукацыі амаль тры дзесяцігоддзі, але не стамілася – фантануе ідэямі і праектамі. Энергічная і ініцыятыўная, яна ў пастаянным творчым руху і вынаходніцтве, самаўдасканальваецца і развіваецца.
У намінацыі «адукацыя, фізічная культура, спорт і турызм» намесніку дырэктара па вучэбнай рабоце СШ № 2  г. Ляхавічы Таццяне Доруш сёлета прысвоена ганаровае званне «Чалавек года» Ляхавіцкага раёна.
На прафесійны выбар выпускніцы Мядзведзіцкай СШ значна паўплывала асоба класнага кіраўніка Аляксандры Канстанцінаўны Емяльянчык –  ад яе і «заразілася» школай. І нават калі пасля заканчэння педкаледжа ў Беларускім дзяржаўным педуніверсітэце імя Максіма Танка абітурыентцы параілі выбраць філалагічны факультэт, яна цвёрда адказала, хачу працаваць з маленькімі хлопчыкамі і дзяўчынкамі. Мара стала рэальнасцю: шмат гадоў настаўнічала ў пачатковых класах, была для рабят другой мамай. Колькі любві і пяшчоты яна перадала сваім гарэзам-вучням! Многія, дарэчы, ужо прыводзяць у СШ №2 сваіх дзяцей. Сёння Таццяна Доруш курыруе метадычную работу ў школе і выкладае асновы бяспекі жыццядзейнасці ў 5-9 класах. Робіць гэта, як заўсёды, цікава і крэатыўна.
У прафесійнай скарбонцы Таццяны Аркадзьеўны нямала высокіх адзнак за інавацыйныя, метадычныя распрацоўкі, праекты па прафарыентацыі, арганізацыі шостага школьнага дня і іншых. Разам з калегамі ўкараняе ў вучэбны працэс новае і перадавое. Менавіта ў СШ № 2 паспяхова працуюць педагагічныя і спартыўныя класы. Сёлета да іх дабавіўся аграрны. У марах і планах адкрыць STEM-класы, каб ляхавіцкія школьнікі маглі займацца робататэхнікай, 3Д- мадэляваннем.
– Сучасная школа павінна ісці ў нагу з часам. Прамарудзім –  нешта згубім, недаатрымаем. З калектывам імкнёмся адпавядаць, быць цікавымі школьнікам, задавольваць іх адукацыйныя патрэбы, знаходзіць нестандартныя рашэнні, – адзначае намеснік дырэктара Доруш.
А па-за школай яна апантаны садавод-агароднік. Адпачывае ў градках, у клопатах пра кветкі, вінаград, грушы-яблыні. Не можа сядзець склаўшы рукі – заўсёды знойдзе занятак. Прычым, да любой справы падыходзіць творча, з душой. Разам з мамай сыны Саша і Антон – надзейныя памочнікі і дарадцы.
…Сонца прыветна заглядае ў клас. Вучні не сядзяць за партамі пасіўнымі слухачамі, а вядуць дыялог, адпрацоўваюць уменне аказваць першую дапамогу ў надзвычайных сітуацыях. Урок вядзе Таццяна Доруш. Добразычлівая і нераўнадушная, адказная і старанная – сапраўдны настаўнік Таццяна Аркадзьеўна.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *