Такія людзі! Фермерскі брэнд

Уздоўж дарогі Баранавічы-Ляхавічы роўнымі радамі, бы пад лінейку, красуецца яблыневы сад. Вясной ахутаны бела-ружовым кіпенем квецені, у сезон усыпаны апетытна-прыгожымі пладамі. Аўтар садова-яблычнага нацюрморта ўжо больш за паўтара дзесяцігоддзя – наш   зямляк Валерый Радзюк. У намінацыі «фінансы, банкаўская дзейнасць, малы і сярэдні бізнес» яму, кіраўніку фермерскай гаспадаркі «Уладзімір плюс», па выніках 2017 года ў раёне прысвоена (другі раз) ганаровае званне «Чалавек года».
Фермерскія ўладанні прапісаны на 100 гектарах. Пладовыя дрэвы тут утульна суседнічаюць з кустамі чорных парэчак. Радзюкоўскія «алесю», «беларускае салодкае», «ліголь» і іншыя ведаюць не толькі ў нашай краіне, але і ў Расійскай Федэрацыі.
Фермерам Радзюк стаў не адразу. Сваю справу пачынаў з гандлёвай дзейнасці, мае вопыт у выпечцы хлеба, кандытаркі, у вытворчасці макаронных вырабаў. Але, пэўна, сваё ўзяў, як жартуе Валерый Уладзіміравіч, вясковы ген – бацькі ўласным прыкладам навучылі і прывучылі працаваць на зямлі. У свой час скончыў інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі (зараз гэта Беларускі дзяржаўны агратэхнічны ўніверсітэт), і дыплом інжынера-механіка добрая падмога ў справе. За два дзесяцігоддзі прадпрымальніцкай дзейнасці набыў рэпутацыю чалавека ведаючага і вельмі працавітага. Цікавіцца і ўкараняе ў вытворчасць новыя тэхналогіі і перадавы вопыт.
– Каб адпавядаць патрабаванням спажыўцоў, нельга стаяць на месцы, – адзначае Валерый Радзюк. Ездзіць па свеце – быў у Амерыцы, Францыі, Германіі. Цікавіўся, як там наладжана вырошчванне фруктаў. Часты госць ён і ў інстытуце пладаводства. Дарэчы, радзюкоўскія яблыкі «кватаруюць» у сучасных тэхналагічных сховішчах (назваць складам язык не паварочваецца), дзе нават тэмпературны рэжым рэгулюецца аўтаматычна.
Хобі Валерыя Радзюка – яго работа. Да яе і сына далучыў – Уладзімір надзейны бацькаў памочнік.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *