Вам трэба адпачыць!
У Законе Рэспублікі Беларусь «Аб сацыяльным абслугоўванні» замацаваны від сацыяльнай паслугі для сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, – паслуга сацыяльнай перадышкі. Яна прадугледжвае вызваленне бацькоў (членаў сям’і) ад догляду за дзіцем-інвалідам на пэўны час, для таго, каб у іх была магчымасць для аднаўлення сіл, рашэння сямейна-бытавых пытанняў.
Дзецям-інвалідам з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця паслугу прадастаўляе Гарадзішчанскі дом-інтэрнат, які знаходзіцца ў Баранавіцкім раёне.
Сацыяльная перадышка – паслуга догляду за дзіцем-інвалідам ва ўзросце ад 4 да 18 гадоў на пэўны перыяд часу (не больш за 28 сутак у каляндарным годзе).
Даная паслуга аказваецца грамадзянам па заяўным прынцыпе на платнай аснове. У кошт паслугі ўключаецца толькі кошт харчавання. Зараз яна ў сярэднім складае 5,32 рубля за суткі.
На перыяд аказання паслугі захоўваецца выплата дапамогі па доглядзе за дзіцем-інвалідам ва ўзросце да 18 гадоў.
Для атрымання паслугі сацыяльнай перадышкі неабходна звярнуцца ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама па месцы жыхарства.
Бацькі (адзін з іх, калі сям’я няпоўная) ці законны прадстаўнік дзіцяці-інваліда прадстаўляе наступныя дакументы: пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь ці пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці; дакумент, які пацвярджае паўнамоцтвы законнага прадстаўніка; дакументы, якія пацвярджаюць права на льготы; выпіску з медыцынскіх дакументаў; медыцынскую даведку пра стан здароўя, якая ўтрымлівае інфармацыю пра хваробы, адсутнасць кантакту дзіцяці з інфекцыйнымі хворымі; заключэнне дзяржаўнага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі аб тыпе дома-інтэрната і праграме навучання.
У дзіцячым доме-інтэрнаце ажыццяўляецца кваліфікаваны догляд за дзецьмі-інвалідамі і арганізаваны працэс навучання і рэа-білітацыйная работа з такімі дзецьмі. Медыцынская і сацыяльна-педагагічная рэабілітацыя ажыццяўляецца ў адпаведнасці з індывідуальнай праграмай рэабілітацыі кожнага выхаванца, якая вызначаецца МРЭК. У інтэрнаце функцыянуюць гурткі па інтарэсах, дзе дзеці-інваліды вырабляюць керамічныя вырабы, сувенірную прадукцыю.
Святлана СТАЛЯРЧУК,
вядучы рэферэнт камітэта па працы, занятасці
і сацыяльнай абароне аблвыканкама.